Прызначаныя на студзень 2025 году чарговыя прэзыдэнцкія выбары ўзмацнілі адвольны перасьлед беларусаў. Рэйды за салідарнасьць, хвалі масавых затрыманьняў у маленькіх гарадах, звальненьні з буйных прадпрыемстваў з палітычных матываў, затрыманьні былых палітвязьняў і тых, хто вяртаўся ў Беларусь з-за мяжы, — тое, чым адзначыўся 2024 год, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
«Пяты год у Беларусі рэжым Лукашэнкі працягвае зьдзекавацца з арыштаваных паводле палітычных артыкулаў, утрымліваючы іх у нечалавечых умовах у ізалятарах. Людзі вымушаны тыднямі сядзець у перапоўненых камэрах бяз сродкаў гігіены, чыстай бялізны і цёплага адзеньня, спаць на падлозе, піць брудную ваду з-пад крана, не прымаць душ. Па-ранейшаму некаторых арыштантаў утрымліваюць у такіх умовах па некалькі месяцаў», — гаворыцца ў справаздачы.
Агулам летась праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі ня менш за 8895 фактаў рэпрэсій — значна больш, чым у 2023 годзе.
Самай «рэпрэсіўнай» часткай Беларусі застаецца Менск і Менская вобласьць (2772 чалавекі). Далей у колькасьці рэпрэсій ідуць Берасьцейская і Горадзенская вобласьці — 1925 і 1363 чалавекі. Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у 2024 годзе па ўсёй Беларусі адбылося ня менш за 5890 судоў паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў. Гэта амаль на 2000 судовых працэсаў больш, чым у 2023 годзе.
У большасьці выпадкаў беларусаў судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Але пасьля масавага рэйду КДБ сваякоў і родных палітвязьняў пачалі судзіць паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП («Выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасьці або іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам»).
Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. Падставай стала дапамога сем’ям палітвязьняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Больш за 150 чалавек атрымалі вялікі штраф за атрыманьне дапамогі праз INeedHelpBY, а таксама мусілі выплаціць кампэнсацыю сумы «замежнай» аплаты.
На астачу «Вясна» апублікавала сьпіс самых рэпрэсіўных судзьдзяў Беларусі 2024 году:
- Станіслаў Іванюценка (суд Рэчыцкага р-ну);
- Зінаіда Балаболава (суд Наваполацкага р-ну);
- Ігар Ваўчок (суд Наваградзкага р-ну);
- Аляксей Болатаў (суд Барысаўскага р-ну);
- Андрэй Бычыла (суд Пінскага р-ну і Пінску);
- Раман Карабан (суд Маскоўскага р-ну Берасьця);
- Натальля Козел (суд Ленінскага р-ну Горадні);
- Арцём Падалянец (суд Баранавіцкага р-ну і Баранавічаў);
- Ганна Леўсік (суд Ленінскага р-ну Горадні);
- Алена Цыганкова (суд Чыгуначнага р-ну Віцебску);
- Уладзімер Пазьняк (суд Кастрычнікага р-ну Горадні);
- Аляксандар Аляксеенка (суд Глыбоцкага р-ну);
- Алена Тоўсьцік-Самойла (суд Кастрычніцкага р-ну Горадні);
- Юліяна Луцэвіч (суд Рэчыцкага р-ну).
Форум