Экс-супрацоўніцу Полацкага ўнівэрсытэту асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»
Тацяну Мішыну судзілі ў снежні 2024 году, але прысуд невядомы, піша «Наша ніва».
Тацяне Мішынай 57 гадоў. Родам яна з расейскага Чалябінску, але даўно пераехала ў Беларусь і мае беларускае грамадзянства. Разам зь сям'ёй яна жыве ў Наваполацку.
Па звестках Digital intelligence team, з 2003-га па 2016-ы год яна працавала інжынэрам у Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце, а пасьля — на Наваполацкім заводзе тэхналягічных мэталаканструкцыяў.
Дата затрыманьня Тацьцяны невядомая, як і сутнасьць абвінавачаньняў, але апошнім часам паводле гэтага артыкулу судзілі тых, хто дапамагаў палітвязьням.
Па інфармацыі ініцыятывы Dissidentby, па гэтым жа артыкуле затрымалі і будуць судзіць Тацяну Францкевіч, маці палітвязьня Аляксандра Францкевіча, а таксама Натальлю Лабацэвіч, маці палітвязьня Ільлі Лабацэвіча — абедзьве яны з Наваполацку.
Тацяну Мішыну судзілі 18 сьнежня ў Віцебскім гарадзкім судзе. Яе абвінавацілі паводле дзьвюх частак артыкулу 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Мішынай пагражала да 7 гадоў калёніі, але прысуд невядомы.
38-гадовага вайсковага лётчыка будуць судзіць за «абразу» Лукашэнкі
У судзе Лідзкага раёну 9 студзеня пачнуць судзіць Сяргея Алдасева. Яму інкрымінуецца «абраза прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК). Справу будзе разглядаць судзьдзя Аляксандар Мішураў.
BelPol пацьвердзіў «Нашай ніве», што ў Беларусі жыве толькі адзін Сяргей Алдасеў. Гэта 38-гадовы лётчык, які па стане на 2020 год служыў у 61-й зьнішчальнай авіяцыйнай базе ў Баранавічах. Алдасеў скончыў авіяцыйны факультэт Вайсковай акадэміі Беларусі.
Сяргей удзельнічаў у парадах на Дзень Рэспублікі. У 2018-м атрымаў кваліфікацыю вайсковага лётчыка другога статусу, на той момант у яго было званьне маёра. Ці заставаўся Алдасеў у войску пасьля 2020 году, невядома.
Форум