Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адмарозіў пальцы на нагах». Што ўспамінаюць былыя палітвязьні пра зіму ў калёніі 


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як палітвязьні перажываюць зіму, ці скардзяцца на ходад у калёніях, дасьледвала «Мэдыязона».

Напярэдадні зімы вязьням калёній да звычайнай летняй вопраткі выдаюць рэчы, адпаведныя халоднаму сэзону, — целагрэйкі і шапкі. Таксама дазваляецца карыстацца пальчаткамі, шалікамі, тэрмабялізнай. Але ці хапае гэтага адзеньня, каб пратрымацца ў маразы і завеі, тым больш калі тыя чаргуюцца зь ледзяным дажджом ці моцным ветрам?

Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ва ўспамінах былых палітвязьняў, сабраных журналістамі «Мэдыязоны».

Падэшва, падвязаная гумкай

Паводле былых зьняволеных жаночай калёніі № 4, што ў Гомлі, зімовы камплект адзеньня для жанчын — гэта куртка, спадніца, пінжак, кашуля, шапка, шалік, калготкі і тонкія чаравікі. Жанчыны сьведчаць, што ад праяваў зімовага надвор’я гэтая вопратка не ратуе: куртка тонкая і ў мароз ня грэе, на моцным ветры ў калготках «застынеш, калі нічога не паддзець», а «кардонны» абутак не пасуе да вільготнага і халоднага надвор’я.

«У нас была дзяўчына, у якой зімой адвалілася падэшва ад чаравіка. Нічога з гэтым не зрабілі, сказалі, што ёй вызваляцца празь сем дзён, хай трывае. І яна хадзіла з гумкай вакол чаравіка, каб падэшва трымалася», — прыгадала былая зьняволеная ПК-4 Алена.

У мужчынскіх калёніях зімой ходзяць у кіцелі, штанах з тонкай сынтэтычнай тканіны і ў ватніку з кароткім каўняром. На галаве — зімовая шапка са штучнага футра.

Рукавіцы нельга

«Але адзеньне часта мокрае праз надвор’е і таму што чалавек пацее, бо працуе», — успамінае экс-палітвязень Іван, які адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17.

Паводле Івана, вязьням дазвалялі пад ватнік надзяваць шалікі, але завязваць іх трэба было пэўным чынам. Не абматаўшы шыю, а склаўшы канцы шаліка накрыж на грудзях, што ад холаду не ратуе. На ўцяпленьне рук таксама ўводзіліся абмежаваньні.

«Рукавіц увогуле не дазвалялі, а пальчаткі мусілі быць «не занадта цёплыя», — расказаў Іван.

Паводле Івана, адміністрацыя калёніі ў справе зімовага адзеньня нібыта ўсё рабіла паводле ўнутранага статуту, але гэтак, каб вязьням было максымальна некамфортна.

«У выніку з уцепленага адзеньня дазвалялася толькі тэрмабялізна, а ўсё астатняе лічылася парушэньнем рэжыму. Калі хлопцы нешта паддзявалі пад кіцель, дык на сваю рызыку», — кажа Іван.

Паводле Івана, самым слабым месцам у зімовай вопратцы вязьня быў абутак, бо людзі мусілі насіць тое, што выдае калёнія — а гэта чаравікі бяз футра.

«Я дык адмарозіў два пальцы на нагах, таму што на праверцы ты як босы стаіш. Проста не адчуваў два пальцы і з таго часу не адчуваю», — расказаў Іван.

Працаваў у ангары з пабітымі вокнамі

Дадатковыя праблемы ўзьнікаюць падчас працы. Большасьць вязьняў мусіць працаваць у памяшканьнях без ацяпленьня альбо на вуліцы. Гэтак, у гомельскай жаночай калёніі большасьць асуджаных працуе на швейнай вытворчасьці — там вельмі холадна, а апрануць целагрэйку не дазваляюць правілы тэхнікі бясьпекі.

Па словах Васіля, які адбываў тэрмін у магілёўскай ПК-15, зімой на прамысловай зоне холадна паўсюль, акрамя «швейкі» и пякарні. Сам экс-палітвязень працаваў на вуліцы — вазіў мэтал на вазку. Гэтак па восем-дзевяць гадзін.

А Іван, які сядзеў у Шклове, працаваў у вялікім ангары з пабітымі вокнамі. Згадвае, што тэмпэратура на ягоным працоўным месцы была амаль як на вуліцы.

«На ўчастку ляжалі будаўнічыя рукавіцы, але надзяваць іх забаранялася. Рукі і ногі мерзнуць, ты проста дубееш. Мы абмотвалі ногі цэляфанам ад дэталяў, каб быў парніковы эфэкт, і гэтак крыху грэліся», — згадвае Іван.

Па словах былога вязьня, часам праца на вуліцы была мерай узьдзеяньня на «палітычных». Напрыклад, асуджаных за палітыку адпраўлялі пілаваць дровы і насіць іх да кантэйнэра, але ў будынак заходзіць забаранялася, сьведчыць былы палітвязень Іван.

ШЫЗА: сочаць, каб ня грэўся фіззарадкай

Горш за ўсё зімой было ў штрафным ізалятары, мяркуюць суразмоўцы журналістаў «Мэдыязоны». Паводле былых вязьняў, трапіць у ШЫЗА можна было і за адзеньне, якім вязьні ратаваліся ад холаду. Прыкладам, у ШЫЗА адпраўлялі за ня так завязаны шалік альбо за бялізну, якая сушылася на батарэі ў спальным пакоі, а не ў адмысловым памяшканьні.

«У ШЫЗА холадна заўсёды. Батарэі калі і грэюць, дык слаба», — згадвае былы вязень ПК-17 Іван.

Паводле Івана, цяпла ў камэрах ШЫЗА бракуе яшчэ і таму, што вокны там увесь час адчыненыя. Ахоўнікі тлумачаць гэта інтарэсамі вязьняў.

«Хлопцы, гэта робіцца, каб праветрываць», — казалі нам. А што на вуліцы стаіць мінус 20 і ты спаць ня можаш праз гэты холад, гэта ўжо не ўспрымалася«, — згадаў Іван.

У ШЫЗА зьняволеным выдаюць адмысловы кіцель без каўняра, пашыты з тонкага сынтэтычнага матэрыялу, і такія ж штаны. Пад іх дазволена надзець толькі майку і майткі, тэрмабялізну паддзяваць забаронена, расказалі крыніцы «Мэдыязоны». Паводле былых палітзьняволеных, у жанчын, якіх караюць зьмяшчэньнем у ШЫЗА, забіраюць калготкі і легінсы.

«Удзень зьняволены можа сагрэцца адцісканьнямі, прысяданьнямі і хадзьбой на месцы ці па камэры. Фізычная актыўнасьць высокая, а харчаваньне беднае — да выхаду з ШЫЗА гэтак можна страціць і 10 кіляграмаў», — заўважае пра ШЫЗА былы палітвязень Васіль.

Але галоўная праблема, на думку Васіля, — тое, што ў ШЫЗА на ноч не выдавалі коўдры і пасьцельнай бялізны, ляжаць ноччу даводзілася на голых дошках. Экс-палітвязень згадваў, як ад холаду ня мог заснуць альбо спаў урыўкамі.

Між тым паводле правілаў уначы вязьням забараняецца любая фізычная актыўнасьць, падымацца з ложка дазволена толькі каб скарыстацца прыбіральняй. За гэтым кантралёры сочаць, у тым ліку праз відэакамэру. Іван, які адбываў пакараньне ў калёніі № 17, уначы вымаў рукі з рукавоў кіцеля і абдымаў сябе, каб сагрэцца, а адзін з рукавоў падкладаў пад галаву.

«Некаторыя хлопцы абмотвалі горла ручніком, каб не прадзімала. Але гэта таксама ўспрымалася як парушэньне. Таму любыя спробы сагрэцца яны спынялі», — згадаў Іван пра кантралёраў ШЫЗА.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG