Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінімум 30 сем'яў за кратамі. «Вясна» паказала ў лічбах, як за 2024 год зьмянілася сытуацыя з палітвязьнямі


Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ў Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота
Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ў Вільні, Літва. Ілюстрацыйнае фота

Мінулы год для беларусаў прайшоў пад знакам масавага перасьледу за салідарнасьць. Пэнсіянэры, непаўналетнія, хворыя на анкалёгію, шматдзетныя бацькі — для рэжыму няма розьніцы, каго затрымліваць, калі ў дзеяньнях беларусаў бачаць «экстрэмізм», адзначае «Вясна».

2024 год адзначыўся і некалькімі хвалямі памілаваньняў, падчас якіх агулам на волю выйшлі 227 палітзьняволеных. Пры гэтым штодзённа па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманьні дзясяткаў чалавек, паведамляюць праваабаронцы.

Прэзыдэнцкія выбары, якія пройдуць у студзені 2025 году, пачалі сэрыю новых прэвэнтыўных атак на грамадзкі сэктар. Акрамя гэтага, сытуацыя з палітвязьнямі ў Беларусі застаецца на стабільна крытычным узроўні. Зьняволеныя ўтрымліваюцца ў жудасных умовах без магчымасьці атрыманьня якаснай і своечасовай мэдыцынскай дапамогі, зазнаюць катаваньні і пабіцьцё, утрымліваюцца месяцамі бяз сувязі з вонкавым сьветам.

«Вясна» ў лічбах расказала, як за 2024 год зьмянілася сытуацыя з палітзьняволенымі.

Па стане на 29 сьнежня 2024 году ў беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 1265 палітвязьняў, афіцыйна прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Зь іх 1097 — мужчыны, 168 — жанчыны.

Паводле «Вясны», мінімум 224 палітвязьні за кратамі знаходзяцца ў асаблівай рызыцы. За кратамі 104 чалавекі маюць цяжкі стан фізычнага здароўя, 11 чалавек — інваліднасьць, 46 людзей — узрост, які перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 16 чалавек з мэнтальнымі разладамі. Сярод палітзьняволеных — 29 шматдзетных маці і бацькоў.

Для людзей з пэўных уразьлівых групаў зьняволеньне становіцца яшчэ большым выпрабаваньнем, чым для астатніх. Да таго ж яно яшчэ пагаршае стан іх здароўя празь несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасьць рэгулярных мэдабсьледаваньняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасьць патрэбных мэдычных сродкаў.

На гэты момант у месцах зьняволеньня ўтрымліваюцца:

  • 45 прадстаўнікоў мэдыя;
  • 175 культурных дзеячаў;
  • 6 праваабаронцаў;
  • 17 лекараў;
  • 7 адвакатаў;
  • 20 вайскоўцаў;
  • 10 сьвятароў і вернікаў;
  • больш за 30 айцішнікаў.

Сярод сёньняшніх палітзьняволеных налічваецца мінімум 30 сем'яў, за апошнія некалькі гадоў гэта максымальная колькасьць сем'яў за кратамі. У зьняволеньні апынуліся браты і сёстры, бацькі і дзеці, сужэнцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG