Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пытаньне аб вяртаньні дыпляматаў ЗША абмяркоўваецца, пакуль прагрэсу ня бачна», — Кавалеўскі пра заяву Лукашэнкі пра амбасаду ў Менску


Валер Кавалеўскі. Архіўнае фота
Валер Кавалеўскі. Архіўнае фота

Кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, былы прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі на просьбу Свабоды пракамэнтаваў заяву Лукашэнку пра тое, што ЗША просяць пашырыць штат сваёй амбасады ў Менску.

Кавалеўскі падкрэсьлівае, што асноўная прычына заявы Лукашэнкі — гэта нядаўняе папярэджаньне амбасады ЗША для сваіх грамадзянаў пра шматлікія формы небясьпекі ў Беларусі ў сувязі з унутранай сытуацыяй і саўдзелам Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны.

Кавалеўскі нагадвае, што амбасадара ЗША ў Беларусі няма з 2008 году, гэтаксама як і беларускага амбасадара ў Вашынгтоне.

«Амбасада працавала ў скарочаным выглядзе на ўзроўні часовага паверанага, але гэтая сытуацыя скончылася ў лютым 2022 году, калі было прынятае рашэньне вывезьці амбасаду зь Менску напярэдадні пачатку вайны. Нягледзячы на тое, што няма дыпляматычнага штату ў Менску, амбасада фармальна не закрытая. Вядома, што абмяркоўваецца пытаньне аб вяртаньні амэрыканскіх дыпляматаў у Менск, аднак пакуль прагрэсу ня бачна», — кажа Валер Кавалеўскі.

Паводле яго, гэта нагадвае пра важнасьць пастаяннай дыпляматычнай прысутнасьці ў Беларусі на належным узроўні менавіта ў гэтым складаным кантэксьце замежнай і ўнутранай палітыкі, і менавіта тых дзяржаваў, якія падтрымліваюць сувэрэнную, незалежную Беларусь.

«На мой погляд, калі глядзець на сытуацыю вачыма рэжыму, то сталая прысутнасьць ЗША таксама патрэбная. На сёньня ЗША па-ранейшаму адыгрываюць вельмі значную ролю ў міжнароднай палітыцы. Да таго ж прыход Трампа ўжо сёньня ўплывае на вырашэньне некаторых прабелемаў, у тым ліку тых, што тычацца інтарэсаў Беларусі. Гэта мірны працэс па Ўкраіне найперш, гэта зацікаўленасьць Лукашэнкі, каб нейкім чынам збалянсаваць залежнасьць ад Расеі праз нейкае зьмякчэньне адносінаў з Захадам, гэта і набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Якімі б яны ні былі недэмакратычнымі, тым ня менш Лукашэнка спрабуе скарыстацца, каб нейкім чынам паўплываць на форму адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША», — лічыць Кавалеўскі.

Кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, былы прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі мяркуе, што «складаныя міжнародныя і ўнутрыпалітычныя працэсы насамрэч вымагалі б больш актыўнага ўзаемадзеяньня па дыпляматычных каналах паміж Беларусьсю і ЗША». Таму прысутнасьць амэрыканскай амбсады і нармальнае функцыянаваньне на належным ўзроўні на тэрыторыі Беларусі было б каштоўным у цэлым для нацыянальных інтарэсаў Беларусі, падкрэсьлівае палітык.

29 сьнежня Лукашэнка заявіў, што ЗША просяць пашырыць штат сваёй амбасады ў Менску

Падчас Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету, які праходзіць у Ленінградзкай вобласьці Расеі, журналісты пракрамлёўскага тэлеканала «Россия» спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі, як ён расцэньвае заклік ЗША да грамадзянаў сваёй краіны ўстрымацца ад паездак у Беларусь і неадкладна пакінуць краіну.

— А мы не перажываем. У нас амэрыканцаў практычна няма. Але майце на ўвазе: яны нас ужо цэлы год просяць павялічыць штаты ў пасольстве да сотні чалавек. Таму тое, што вы ў мяне спыталі, для мяне навінка. Але ж мы нікога не трымаем у Беларусі. Хочуць — хай знаходзяцца ў нас, не — значыць, не. Але іх 0,2 чалавека, — сказаў Лукашэнка.

  • Пасьля падзеяў 2020 году многія дэмакратычныя дзяржавы, у тым ліку ЗША, панізілі дыпляматычную прысутнасьць у Беларусі да ўзроўню часовага паверанага ў справах.
  • 9 чэрвеня 2022 году пасаду спэцыяльнага прадстаўніка ЗША па Беларусі пакінула Джулія Фішэр. З 2020 году яна працавала ў Вільні, бо МЗС Беларусі адклікаў згоду на яе прызначэньне амбасадарам у Менску.
  • 11 жніўня 2021 году прэс-сакратар замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз заявіў, што «амэрыканскаму боку прапанавана да 1 верасьня скараціць колькасць сваёй амбасады ў Менску да 5 чалавек».
  • 18 сьнежня 2024 году Злучаныя Штаты абнавілі статус Беларусі для сваіх грамадзян: строга патрабуюць ня ехаць у Беларусь. Бюро консульскіх дачыненьняў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША выпусьціла адпаведную адозву да грамадзянаў краіны.
  • «Ня едзьце ў Беларусь праз адвольнае выкананьне ўладамі краіны мясцовых законаў, рызыку затрыманьня, пастаяннае спрыяньне вайне Расеі супраць Украіны, патэнцыяльныя грамадзянскія беспарадкі і абмежаваныя магчымасьці амбасады аказваць дапамогу грамадзянам ЗША, якія жывуць або падарожнічаюць у Беларусі. Грамадзяне ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі, павінны неадкладна выехаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG