Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпром» спыняе пастаўкі газу ў Малдову. У краіне абмежавалі спажываньне электраэнэргіі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 1 студзеня 2025 году «Газпром» спыніць пастаўкі газу ў Малдову з прычыны запазычанасьці з боку «Малдовагаза», гаворыцца ў паведамленьні расейскай кампаніі.

У «Газпроме» сьцьвярджаюць, што малдаўскі бок адмаўляецца ўрэгуляваць запазычанасьць за пастаўкі газу, што зьяўляецца «істотным парушэньнем» дзейнага кантракту.

«У сувязі з гэтым на падставе палажэньняў кантракту і ўжывальных нормаў расейскага заканадаўства ПАТ „Газпром“ з 8:00 мск 1 студзеня 2025 году ўводзіць абмежаваньне паставак прыроднага газу ў Рэспубліку Малдова да 0 кубамэтраў у суткі», — заявілі ў «Газпроме».

«Гэтае рашэньне яшчэ раз пацьвярджае намер Крамля пакінуць жыхароў Прыднястроўя безь сьвятла і цяпла ў сярэдзіне зімы. Расея выкарыстоўвае энэргію як палітычную зброю, ператвараючы людзей у закладнікаў прыднястроўскага рэгіёну, які яна кантралюе праз незаконна разьмешчанае войска», — пракамэнтаваў рашэньне «Газпрому» прэм’ер-міністар Малдовы Дорын Рэчан у сацсетцы Facebook.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што Малдова «мае дывэрсіфікаваныя крыніцы паставак прыроднага газу, каб зьнізіць залежнасьць ад адзінага пастаўшчыка для правага берагу», і заявіў, што краіна разгледзіць магчымасьць вырашэньня праблемы спыненьня паставак расейскага газу ў міжнародным прававым полі — у тым ліку разглядае зварот да міжнароднага арбітражу для абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў.

У Малдове тым часам ужо ўвялі абмежаваньні на спажываньне электраэнэргіі на фоне энэргакрызісу, віну за які Кішынёў ускладае на Маскву. Адпаведнае рашэньне дзяржаўнай Камісіі па надзвычайных сытуацыях апублікавалі на сайце ўрада рэспублікі 27 сьнежня.

«Малдова знаходзіцца ў стане надзвычайнага становішча ў сувязі з патэнцыяльным гуманітарным крызісам у Прыднястроўскім рэгіёне празь невыкананьне Расейскай Фэдэрацыяй кантракту на пастаўку прыроднага газу спажыўцам зьлева ад Днястра. Гэта можа прывесьці да спыненьня вытворчасьці электраэнэргіі на Кучурганскай электрастанцыі», — сказана ў паведамленьні.

У мэтах зьніжэньня энэргаспажываньня з 1 студзеня 2025 году адміністратары грамадзкіх будынкаў і камэрцыйных аб’ектаў «абмяжуюць унутранае асьвятленьне будынкаў ня менш як на 30%, адключаць вокны, дэкаратыўнае асьвятленьне, абмяжуюць работу эскалятараў», сказана ў паведамленьні. На прадпрыемствах энергаёмістыя працэсы перанясуць так, каб яны не супадалі з гадзінамі пік спажываньня электраэнергіі — з 07.00 да 11.00 і з 18.00 да 23.00. Грамадзян просяць не карыстацца ліфтамі.

Як распавёў дзяржсакратар міністэрства энэргетыкі Малдовы Канстанцін Барасан выданьню NewsMaker, асаблівыя меры таксама закрануць работу дзяржаўных установаў, крамаў, вулічнага асьвятленьня, эскалятараў. Таксама адключаць вітрыны і архітэктурнае падсьвятленьне.

  • У 2021 годзе «Газпром» і «Малдовагаз» заключылі пяцігадовы кантракт. «Коммерсант» нагадвае, што адным з яго ўмоваў было пагашэньне запазычанасьці з боку Малдовы. Расейская кампанія ацэньвае яе разам з пенямі і штрафамі ў 709 мільёнаў даляраў.
  • У верасьні 2023 году прэм’ер-міністар Малдовы Дорын Рэчан заявіў, што Кішынёў прызнае толькі 8,6 мільёна даляраў доўгу і ня мае намеру плаціць па «няісных даўгах». У лістападзе ён зноў заявіў, што Малдова ня мае намеру выплочваць Расеі 709 мільёнаў даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG