Указ падпісаны 24 студзеня. Сярод вызваленых 8 палітзьняволеных (пяць жанчын і трое мужчын). У пяцярых зь іх ёсьць дзеці, адна жанчына цяжарная, паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі.
Памілавалі таксама сем чалавек (у тым ліку трох жанчын), асуджаных за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў. Шасьцёра зь іх зьдзейсьнілі злачынствы ў непаўналетнім узросце.
За апошні год Лукашэнка памілаваў 293 чалавекі (у іх ліку 89 жанчын і 17 чалавек, якія зьдзейсьнілі злачынствы ў непаўналетнім узросьце).
За кратамі ў Беларусі застаюцца 1254 палітвязьні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі можа быць большай.
Зь лета 2020 году па канец лістапада 2024 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 3638 чалавек, зь іх 669 жанчын. Многія зь іх ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакараньне. Пры гэтым у Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманьні, арышты і суды па палітычна матываваных абвінавачаньнях; людзей судзяць як у адміністрацыйных справах, так і па крымінальных абвінавачаньнях, сярод іншага прысуджаючы ім тэрміны ў калёніі.
Пасьля абвяшчэньня даты новых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рэпрэсіі ў краіне ўзмацніліся: з канца кастрычніка беларускія праваабаронцы фіксуюць масавыя затрыманьні па ўсёй краіне.
Форум