Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як усталяваць асабістыя межы падчас сьвятаў


Каляды і Новы год — сямейныя сьвяты. Гэта час, калі людзі зьбіраюцца вялікімі сямейнымі кампаніямі. На старонках газэты The New York Times экспэрты падзяліліся парадамі, як мінімізаваць раздражненьне і пазьбегчы дакучлівых пытаньняў ад сваякоў і сяброў.

Псыхатэрапэўты сьцьвярджаюць, менавіта ў гэты час году яны чуюць ад кліентаў скаргі і занепакоенасьць ад празьмернай увагі да іх з боку сямейнікаў. Сямейны тэрапэўт Апарна Сагарам сярод нязручных для многіх тэмаў называе шлюб, дзяцей, выбар кар’еры або зьнешні выгляд. Некаторыя з нас могуць пачуць непрыемныя пытаньні пра асабістае жыцьцё, накшталт: «Калі ты ўжо ажэнісься (выйдзеш замуж)?»

Клінічны псыхоляг Джэні Ванг дадае, што некаторыя людзі могуць дастаткова лёгка адбіцца ад непажаданых размоваў і пытаньняў, накшталт, «Калі ты ўжо ажэнісься (ці выйдзеш замуж)?», але іншым процістаяць гэтаму значна цяжэй.

Вось парады, якія даюць экспэрты на пэрыяд калядных і навагодніх сьвятаў.

Падрыхтуйце сябе і сваякоў

Варта загадзя вырашыць, колькі часу вы хочаце правесьці зь сям’ёй, і скласьці плян баўленьня сумеснага часу. Гэта дасьць пачуцьцё кантролю над сытуацыяй і мінімізуе стрэс. «Корань трывогі — пачуцьцё страты кантролю», — кажа сямейны тэрапэўт Пол Гокмаер.

Калі вы ведаеце, што вас хопіць, прыкладам, на дзьве гадзіны, а пасьля прыйдзе раздражненьне, можна сказаць сваякам, што вы прыйдзеце толькі на вячэру, а пасьля сустракаецеся зь сябрам за дэсэртам. Паведамленьне пра пляны дапамагае сваякам мець адпаведныя чаканьні і зьніжае верагоднасьць таго, што яны папросяць вас застацца, кажа Джэні Ванг.

А доктар Гокмаер наогул раіць загадзя адпраўляць электронныя лісты членам сям’і, калі вы ведаеце, што тыя ці іншыя тэмы пры размове ўсё роўна будуць узьнятыя. У лісьце можна папрасіць не абмяркоўваць адчувальныя для вас пытаньні.

Рабіце перапынкі

Рэгулярныя перапынкі — напрыклад, шпацыр з партнэрам або сумеснае праслухоўваньне музыкі — могуць прадухіліць эмацыйнае перанапружаньне і дапамагчы перазагрузіцца, кажа доктарка Сагарам.

Яна рэкамэндуе ненадоўга адыходзіць, калі гэта найменш прыкметна, напрыклад, перад вячэрай. Адпраўка паведамленьняў сябрам праз мэсэнджэры таксама можа стаць невялікім перапынкам без неабходнасьці выходзіць з пакою.

Калі вы прыяжджаеце да бацькоў ці сваякоў на некалькі дзён, можна хадзіць у спартовыя залі і басэйны або выбірацца ў кароткія паездкі, каб сыходзіць з дому. Калі ў вас ёсьць сабака, можна браць яго з сабой да сваякоў, тады ў вас будзе законная нагоды выходзіць з дому на шпацыр.

Супраціўляйцеся ўскосна

У некаторых нацыянальных культурах ці некаторых сем’ях адмаўленьне ад размоваў можа лічыцца грубым або непаважлівым да старэйшых. У такіх сытуацыях, кажа доктарка Ванг, трэба спрабаваць менш прамыя формы супраціўленьня і адмаўленьня.

Калі хтосьці пытаецца, калі ў вас будуць дзеці, вы можаце аказаць: «Я ня ведаю, мы ня ўпэўненыя, калі гэта зробім». Калі нехта ўсё ж будзе настойваць, можна зрабіць перапынак у размове, каб наліць сабе шклянку вады ці скарыстацца прыбіральняй. Гэта можа здавацца пасіўным спосабам адмаўленьня, кажа доктарка Ванг, але можа дапамагчы вам знайсьці балянс паміж спрэчкай са старэйшым сваяком і захаваньнем міру ў сям’і.

Каб зьняць эмацыйную напругу, доктар Гокмаер прапануе некалькі разоў палічыць да 10, пакуль вы не адчуеце, што супакойваецеся.

Доктарка Сагарам раіць кліентам надзяваць на запясьце гумку для валасоў і тузаць за яе ў моманты дыскамфорту, пераключаючы ўвагу на фізычную рутыну.

Знайдзіце спосаб выказацца

Апарна Сагарам кажа, што часта сустракае жанчын, якія адчуваюць сябе ўпэўненымі ў паўсядзённым жыцьці, але вяртаюцца да больш пасіўных роляў падчас сустрэч зь сям’ёй. Таму яна заклікае людзей «узьняць свой голас, нават у малых дозах». Гэта можа быць так жа проста, як сказаць: «Не, дзякуй» на прапанову стравы, якую вы ня хочаце есьці. Або сказаць камусьці: «Я ведаю, што вы хацелі як лепш, але я б хацела, каб вы гэтага не казалі».

Доктаркі Сагарам і Ванг прапануюць знайсьці спосабы сказаць слова «не», не прамаўляючы яго ўслых, напрыклад, адказваць «Можа быць, пазьней...» або ўсталяваць межы з дапамогай фразы «Так, але...».

Калі, напрыклад, нехта зь сям’і прапануе вам схадзіць у заапарк, вы можаце згадзіцца, але ехаць асобна, каб у вас заставалася магчымасьць зьмяніць маршрут і не пайсьці ў заапарк. Доктарка Ванг кажа, што пачуцьцё віны за такія крокі — натуральнае, але ігнараваньне таго, што хочаце менавіта вы, таксама можа сапсаваць праведзены зь сямейнікамі час. Застанецца раздражненьне ад таго, што ў вас не было магчымасьці задаволіць свае ўласныя жаданьні ці... нежаданьні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG