Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Мазамбіку загінуў ужо 121 чалавек


Пратэстовец каля спаленай машыны ў сталіцы Мазамбіку ў Мапуту
Пратэстовец каля спаленай машыны ў сталіцы Мазамбіку ў Мапуту

Праз два дні пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў у Мазамбіку сытуацыя ў паўднёва-ўсходняй афрыканскай краіне абвастраецца. З турмы строгага рэжыму ўцяклі зьняволеныя.

Сама менш 121 чалавек загінуў падчас пратэстаў з 23 сьнежня, паведаміла арганізацыя грамадзянскай супольнасьці Plataforma Decide. Раней арганізацыя паведамляла пра 56 загінулых і 380 параненых. З таго часу колькасьць ахвяр вырасла.

Асабліва пацярпелі сталіца Мапуту, гарады Бэйра і Нампула. Міністар унутраных спраў Мазамбіку паведаміў пра 21 загінулага і 25 параненых, піша DPA.

Хваляваньні пачаліся пасьля таго, як Канстытуцыйная рада пацьвердзіла, што Даніель Шапу, кандыдат ад Фронту вызваленьня Мазамбіку (FRELIMO), партыі, якая знаходзіцца ва ўладзе 49 гадоў, перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, набраўшы 65% галасоў. Лідэр апазыцыі Вэнансію Мандлянэ, які, як паведамляецца, атрымаў 24% галасоў, назваў агучаныя вынікі фальсыфікацыяй. У сваёй прамове праз Facebook ён заявіў, што абвесьціць сябе прэзыдэнтам 15 студзеня. Ён знаходзіцца за мяжой з пачатку беспарадкаў пасьля выбараў, што прайшлі ў кастрычніку.

У Мапуту і іншых гарадах разрабаваныя крамы. Пратэстоўцы падпальвалі транспартныя сродкі і будынкі, у тым ліку паліцэйскія пастарункі і штаб партыі FRELIMO. Паводле паліцыі, дэманстранты штурмавалі пяць турмаў. Толькі з адной турмы строгага рэжыму Матола ў Мапуту вызвалілі 1534 зьняволеных, 33 зь якіх былі забітыя ў сутыкненьнях з паліцыяй. Сьцьвярджалася, што нападнікі захапілі зброю.

Дзясяткі зьняволеных паўцякалі зь іншых турмаў. Пратэсты паралізуюць грамадзкае жыцьцё Мазамбіку: у Мапуту дэманстранты паставілі блёкпасты, разбурылі электраапоры і рабавалі банкі, паведаміў рэпартэр агенцтва. Многія жыхары сталіцы на Каляды засталіся дома, баючыся нападаў. Урад разгортвае супраць пратэстоўцаў спэцыяльныя вайсковыя і памежныя сілы разам з паліцыяй.

Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка прапанавала пасярэдніцтва. Сытуацыя застаецца напружанай. Лідэр апазыцыі Мандлянэ заклікаў сваіх прыхільнікаў да мірнага пратэсту.

У Мазамбіку жывуць прыкладна 35 мільёнаў чалавек, многія зь іх пакутуюць ад галечы, дрэннага кіраваньня і наступстваў зьмены клімату. Партыя FRELIMO кіруе былой партугальскай калёніяй з 1975 году. Рэгулярныя выбары праводзяцца з 1994 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG