«Мне зь дзяцінства была цікавая архітэктура. У Савецкай Беларусі мой прадзед Навум Яфімавіч Трахтэнберг быў вядомым архітэктарам. Ён будаваў Менск пасьля вайны. Архітэктарам быў і мой дзед», — кажа Ільля. У фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць» ён расказаў пра затрыманьне, час у калёніі, а таксама пра тое, чым займаецца зараз і пра што марыць.
Ільлі Трахтэнбергу — 23 гады. Цяпер ён вучыцца ў Турыне, у Італіі, на архітэктара.
Спачатку ён хацеў паступіць у Санкт-Пецярбург у архітэктурна-будаўнічы ўнівэрсытэт, аднак яму не хапіла балаў на бюджэт. Таму хлопец вырашыў часова павучыцца на мехмаце БДУ, але потым ізноў пайсьці ў архітэктуру.
12 лістапада 2020 Ільлю затрымалі па «справе студэнтаў» і прысудзілі два з паловай гады турмы. Ён цалкам адбыў тэрмін і выехаў вучыцца за мяжу.
«Я б хацеў вярнуцца аднаўляць Беларусь. Мару пра гэта. Гэта адбудзецца, але пакуль невядома калі. Канешне, як архітэктару мне было б цікава рабіць беларускія гарады лепшымі, больш зручнымі для людзей і жыцьця», — кажа Ільля.
Да сытуацыі з архітэктурай у Беларусі ён ставіцца крытычна.
«Калі ў краіне няма вольнага рынку, то няма і добрай канкурэнтнай прапановы, усё будуецца ў інтарэсах адной асобы ці групы ангажаваных людзей», — разважае Ільля.
Ільля Трахтэнберг — фігурант «справы студэнтаў». Цалкам яго гісторыю глядзіце ў фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць».
Дакумэнтальны праект Свабоды «Скрадзеная маладосьць: справа студэнтаў» — гэта шэсьць гісторый студэнтаў, выпускніцы і выкладчыцы, якія правялі больш за два гады ў турме за тое, што далучыліся да пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Ася Булыбенка, Алана Гебрэмарыям, Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Ільля Трахтэнбэрг, Вольга Філатчанкава расказваюць свае гісторыі ад затрыманьня да эвакуацыі і жыцьця на эміграцыі.
Які сьлед пакідае турма на маладосьці, аб чым шкадуюць і аб чым не, як «навярстаць» скрадзеныя гады — у праекце Свабоды.
Форум