Вонкава выбары зь пяцьцю кандыдатамі выглядаюць для далёкага ад палітыкі абывацеля звыкла: нібыта ўсё як і ў ранейшыя гады. На гэта і разьлік. У рэальнасьці памянялася многае. Найперш тое, што ўпершыню Лукашэнка ня мае рэальных апанэнтаў: ніхто не крытыкуе яго і ягоную палітыку.
Сьцісла:
- У беларускіх умовах ЦВК не зьяўляецца самастойнай інстытуцыяй, гэта паслухмяны інструмэнт у руках рэжыму.
- Трое з кандыдатаў прадстаўляюць зарэгістраваныя палітычныя партыі. Самая масавая і найбольш прадстаўленая ў парлямэнце партыя «Белая Русь» ня вылучыла свайго кандыдата.
- Лукашэнка паводле сцэнару павінен быць на некалькі парадкаў вышэйшы за ўсіх кандыдатаў. Таму абвешчана, што ў яго падтрымку сабрана 2 млн 518 тыс. подпісаў.
- Пакуль не да канца зразумела, якая роля ў гэтай кампаніі адведзена Ганьне Канапацкай, якая мае пэўны апазыцыйны бэкграўнд. Магчыма, яе вылучэньне было тэстам на ўстойлівасьць сыстэмы.
23 сьнежня Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) Беларусі зарэгістравала пяцёх кандыдатаў у прэзыдэнты: Аляксандра Лукашэнку, Алега Гайдукевіча, Сяргея Сыранкова, Ганну Канапацкую і Аляксандра Хіжняка.
У беларускіх умовах ЦВК не зьяўляецца самастойнай інстытуцыяй, якая прымае рашэньні ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Цэнтральная выбарчая камісія РБ — гэта паслухмяны інструмэнт у руках рэжыму, які выконвае даручэньні, рэалізуе сцэнары, распрацаваныя атачэньнем Лукашэнкі. У розныя гады гэтыя сцэнары трохі розьніліся. Колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў вагалася ад трох у 2001 годзе да дзесяці ў 2010-м. Усе перадвыбарчыя стратэгіі, распрацаваныя ў Адміністрацыі прэзыдэнта, былі арыентаваныя на тое, каб стварыць аптымальныя ўмовы для пераабраньня Лукашэнкі на новы тэрмін.
Гэтым разам сцэнар прадугледжвае зьяўленьне ў Лукашэнкі чатырох апанэнтаў. Трое зь іх прадстаўляюць зарэгістраваныя палітычныя партыі. Плюс далучаная да іх Канапацкая.
Цікава, што самая масавая і найбольш прадстаўленая ў парлямэнце партыя «Белая Русь» ня вылучыла свайго кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што яна абвясьціла сябе пралукашэнкаўскай партыяй, таму ўлады палічылі немэтазгодным выстаўляць ад яе кандыдата паралельна з Лукашэнкам.
Вонкава выбары зь пяцьцю кандыдатамі выглядаюць для далёкага ад палітыкі абывацеля звыкла, як і ў ранейшыя гады. На гэта і зроблены разьлік. Маўляў, глядзіце, нічога не памянялася, усё як і раней: збор подпісаў, рэгістрацыя, выступы па БТ, галасаваньне.
У рэальнасьці памянялася многае. Найперш, цяпер упершыню Лукашэнка ня мае рэальных апанэнтаў: ніхто яго не крытыкуе, ня ставіць пад сумнеў ягоны палітычны курс.
Паколькі рэальнага збору подпісаў не было, то абвешчаныя лічбы подпісаў павінны мець нейкае значэньне. Гэта такая своеасаблівая палітычная нумаралёгія. Чаму адным кандыдатам напісалі адну лічбу, а іншым — іншую?
З Лукашэнкам усё зразумела. Ён паводле сцэнару павінен быць на некалькі парадкаў вышэйшы за ўсіх кандыдатаў. Паводле высноваў ЦВК, у яго падтрымку сабрана 2 млн 518 тыс. подпісаў. Нагадаю, што падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году было абвешчана пра 2 млн подпісаў на ягоную карысьць. Цяпер усе паказьнікі павялічваюцца, яны павінны дэманстраваць рост рэйтынгу і папулярнасьці правадыра. Нават дзіўна, што не далі лічбу, напрыклад, 5 млн.
На другім месцы Гайдукевіч (134 тыс.). Хоць, паводле папярэдніх дадзеных, па чатырох абласьцях ён займаў апошняе месца. І некаторыя мэдыя пасьпяшаліся з высновай, што Гайдукевіча штучна пасоўваюць уніз. Але ў выніку лічбу адкарэктавалі.
Пакуль не да канца зразумела, якая роля ў гэтай кампаніі адведзена Ганьне Канапацкай, якая мае пэўны апазыцыйны бэкграўнд. Магчыма, яе вылучэньне было тэстам на ўстойлівасьць сыстэмы. І тут відавочны расейскі кантэкст. Вылучэньне «мяккага» апазыцыянэра Барыса Надзеждзіна на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі выклікала вялікую цікавасьць у пратэставага электарату, на пікетах у ягоную падтрымку выстройваліся чэргі. Улады ўбачылі небясьпеку зрыву падрыхтаванага сцэнару і не зарэгістравалі Надзеждзіна ў якасьці кандыдата.
Цалкам верагодна, што Канапацкая выконвала ролю Надзеждзіна, зь яе дапамогай рабіўся стрэс-тэст. Калі б у яе падтрымку таксама зьявіліся чэргі, то, зразумела, яе б не зарэгістравалі. Але ўсё прайшло спакойна, Канапацкая пакуль мала каго зацікавіла.
І тут ёсьць два чыньнікі, якія адрозьніваюць беларускую сытуацыю ад расейскай. Па-першае, палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі больш жорсткі за рэжым Уладзіміра Пуціна. У Расеі пакуль не было рэпрэсій адносна грамадзян, якія падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў, а ў Беларусі шмат якія людзі, што паставілі ў 2020 годзе подпісы ў падтрымку Віктара Бабарыкі, пацярпелі, страцілі працу. Таму станавіцца ў чаргу ў падтрымку любога кандыдата, прозьвішча якога не Лукашэнка, проста небясьпечна. А ў РФ за гэта пакуль не караюць.
Па-другое, Надзеждзін адкрыта, публічна выказваў сваю пазыцыю, казаў, што трэба спыніць вайну Расеі супраць Украіны. Канапацкая не рабіла ніякіх асаблівых заяваў адносна сваіх палітычных поглядаў, казала толькі, што «ў 2020 годзе мяцеж арганізавалі расейскія алігархі». А яе ранейшы апазыцыйны бэкграўнд сам па сабе мала пра што гаворыць.
Будзем чакаць, што пакажа пэрыяд агітацыі. Ён будзе праходзіць акурат у сьвяты. Як і задумана.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум