Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рызыку хабарніцтва ў Беларусі ацанілі як самую высокую ў Эўропе, — рэйтынг 


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная бізнэс-асацыяцыя TRACE склала рэйтынг краінаў па ўзроўні хабарніцтва ў камэрцыйнай дзейнасьці. Беларусь заняла ў ім 173 месца са 194 краінаў сьвету, заўважыла выданьне Thinktanks.

У дакладзе Bribery Risk Matrix дасьледнікі паставілі Беларусі 71 бал, што азначае высокую рызыку хабарніцтва ў бізнэсе. Аналітыкі выкарыстоўваюць зьвесткі апытаньня World Bank Enterprise (WBES) Survey.

Апошнія гады пазыцыя Беларусі ў рэйтынгу пагаршаецца. Так, у 2023 годзе Беларусь была на тры пазыцыі вышэй у рэйтынгу — на 170-м месцы, у 2022 годзе — на 167 месцы, у 2021 годзе — на 144 месцы. У 2020 годзе Беларусь была на 125 месцы, яе пазыцыя ў рэйтынгу было лепшая за Расею і многія іншыя постсацыялістычныя дзяржавы. Агулам індэкс вылічваецца пачынаючы з 2014 году — тады рызыка хабарніцтва ў Беларусі бачылася навукоўцам як сярэдняя, краіна знаходзілася на 74 месцы — у сярэдзіне рэйтынгу.

Што пагоршылася

У 2024 годзе Беларусь атрымала нізкія адзнакі па ўсіх парамэтрах. На думку дасьледчыкаў, у Беларусі вялікае ўмяшаньне ўраду ў бізнэс пры сярэдняй нарматыўнай нагрузцы, пры гэтым узровень чаканьня хабару сярэдні. Тут Беларусь атрымала 66 балаў — крыху лепш за сярэдняе краінавае значэньне (чым меншы бал, тым меншая рызыка хабарніцтва).

Стрымліваньне карупцыі аўтары ацэньваюць як нізкае, антыкарупцыйныя нормы, паводле дасьледчыкаў, у Беларусі выконваюцца дрэнна.

Урад і дзяржаўныя органы працуюць непразрыста, лічаць аўтары Bribery Risk Matrix, у тым ліку нізкая празрыстасьць фінансавых інтарэсаў.

Горш за ўсё складальнікі рэйтынгу ацанілі ў Беларусі такі парамэтар, як нагляд з боку грамадзянскай супольнасьці — Беларусь атрымала 83 балы па рызыках у гэтай сфэры. Таксама дасьледчыкі адзначылі нізкую ступень свабоды СМІ і актыўнасьці грамадзянскай супольнасьці.

Што ў суседзяў

Сёлета Беларусь апынулася на ніжэйшым месцы ў рэйтынгу, чым Расея (161), Украіна (109) і ўсе эўрапейскія краіны.

Сярод постсацыялістычных краін самая нізкая рызыка хабарніцтва — у Эстоніі, гэтая краіна ўваходзіць у сусьветны топ-10. Горш з хабарніцтвам, чым у Беларусі, з постсавецкіх краін толькі ў Туркмэністане — ён на перадапошняй у сьвеце 193 пазыцыі.

На першых месцах у агульным рэйтынгу — Нарвэгія, Швайцарыя і Швэцыя.

Якія лічбы называюць у Беларусі

Паводле зьвестак Белстату, за 2023 год у Беларусі зарэгістравалі 676 выпадкаў хабарніцтва. Гэта менш, чым у 2022 годзе (815), але больш, чым было ў 2020 і 2021 гадах: 579 і 635 выпадкаў адпаведна.

Паводле інфармацыі ўпраўленьня па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Генпракуратуры, кожны год беларускія суды разглядаюць каля 1,2 тысячы карупцыйных спраў. У 2023 годзе адбыўся рост такіх злачынстваў на 16%.

Па індэксе карупцыі Беларусь таксама апускаецца

Міжнародная арганізацыя па барацьбе з карупцыяй Transparency International публікуе Індэкс успрыманьня карупцыі на пачатку кожнага году. Неўзабаве чакаецца выхад новай публікацыі. Па выніках 2023 году Беларусь заняла 91-е месца, апусьціўшыся адразу на 9 пазыцыяў у параўнаньні з папярэднім годам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG