Рэжым ставіць за мэту паказаць грамадзтву, эліце, замежным суб’ектам, што гэтая палітыка ў Беларусі ўсё яшчэ ёсьць, што незалежнасьць ня страчана канчаткова і што шмат якія краіны сьвету прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам.
Задачу асваеньня «далёкай дугі» Лукашэнка паставіў перад падначаленымі яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму. Так на афіцыйнай мове называліся краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. На дзяржавы гэтага рэгіёну павінна была прыпадаць траціна гандлёвага абароту Беларусі. Задача гэтая так і не была выкананая. Хоць намаганьні нібыта прыкладалі.
Менавіта ў рамках рэалізацыі такіх плянаў Лукашэнка зьдзейсьніў першы візыт у Аман у 2007 годзе. Тады, як і цяпер, дзяржаўная прапаганда актыўна піярыла паездку. Афіцыйныя мэдыя шмат гаварылі пра грандыёзны дыпляматычны прарыў у рэгіён Блізкага Ўсходу. Маўляў, вось цяпер адкрыўся новы і вялікі рынак (Аман — багатая краіна), беларуская прадукцыя будзе яго асвойваць, наперадзе вялікія пэрспэктывы.
Цяпер дзяржаўныя мэдыя кажуць тое самае. Толькі на дадатак да гандлёвых, эканамічных плянаў згадваюць і пра палітычны чыньнік. Візыт ажыцьцяўляецца ў рамках абвешчанага павароту замежнай палітыкі Беларусі да Глябальнага Поўдня. Маўляў, у адказ на заходнія санкцыі будзем сябраваць, гандляваць, прадаваць сваю прадукцыю ў краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі.
І што ж паказаў гэты візыт? Вонкава робяцца энэргічныя бюракратычныя высілкі. Паміж краінамі існуе немалая дамоўна-прававая база двухбаковых адносін, якая налічвае ўжо паўтара дзясятка дакумэнтаў. Дзейнічае беларуска-аманская рада дзелавога супрацоўніцтва. У кастрычніку на берагі Аравійскага мора прыяжджаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.
А што ў сухой астачы? Выявілася, што візыт Лукашэнкі 17 гадоў таму не прынёс ніякага заўважнага плёну. Узаемны гандаль — мізэрны. Дзяржаўная агенцыя БелТА надрукавала вялікі матэрыял, прымеркаваны да цяперашняга візыту. У ім шмат патасных словаў пра новыя пэрспэктывы супрацоўніцтва. Аднак практычна ніякай канкрэтнай інфармацыі пра аб’ём гандлёвага абароту. І нездарма. Бо пасаромеліся прызнаць, што гандлёвы абарот складае каля 5 млн даляраў! Гэта зусім мізэр.
Высьветлілася, што Беларусь ня мае ў Амане сваёй амбасады. Функцыю кіраўніка дыпмісіі выконвае беларускі амбасадар у Эгіпце па сумяшчальніцтве. У сваю чаргу, з аманскага боку такую функцыю выконвае амбасадар Аману ў Расеі.
І пра пэрспэктывы адкрыцьця беларускай амбасады ў Маскаце міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў гаварыў вельмі цьмяна і няпэўна: «Калі мы ўбачым, што ўзроўні гандлёва-эканамічнага, турыстычнага абмену падыходзяць да нейкай рысы, за якой ужо трэба тут прысутнасьць, мы пра гэта, вядома, будзем гаварыць у практычнай плашчыні». То бок МЗС ня мае ніякіх ілюзій наконт пэрспэктываў беларуска-аманскага супрацоўніцтва.
І гэта ня першы выпадак, калі Лукашэнка прыяжджае ў краіны, дзе няма беларускай амбасады, а ўзаемны гандаль мізэрны. Так было з паездкамі ў краіны Афрыкі, Манголію і інш.
Узьнікае натуральнае пытаньне: у чым тады сэнс такіх візытаў? Сэнс ёсьць, але ён больш палітыка-сымбалічны. Трэба даказаць грамадзтву, эліце, замежным суб’ектам, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсьць уласная замежная палітыка, і яна ня зводзіцца толькі да кантактаў з расейскімі губэрнатарамі. Плюс кампэнсацыя «комплексу ізгоя», імкненьне выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі, даказаць, што большасьць краін сьвету, у адрозьненьне ад дзяржаў Захаду, прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі. Вось і езьдзіць. Прычым, што адметна, — са шматдзённымі візытамі, аплачанымі з кішэні беларускіх падаткаплатнікаў.
Форум