Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нязломныя». Каля Эўрапарлямэнту адкрылі арт-інсталяцыю, прысьвечаную палітзьняволеным праваабаронцам «Вясны»


Падчас адкрыцьця арт-інсталяцыі «Нязломныя» каля будынку Эўрапарлямэнту ў Брусэлі 12 сьнежня. Фота з сайту ПЦ «Вясна»
Падчас адкрыцьця арт-інсталяцыі «Нязломныя» каля будынку Эўрапарлямэнту ў Брусэлі 12 сьнежня. Фота з сайту ПЦ «Вясна»

12 сьнежня ў Брусэлі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё арт-інсталяцыі «Нязломныя», прысьвечанай палітзьняволеным праваабаронцам «Вясны» Валянціну Стэфановічу, Алесю Бяляцкаму, Уладзімеру Лабковічу, Марфе Рабковай і валянтэру Андрэю Чапюку, паведамляе «Вясна».

На адкрыцьці, сярод іншых, прысутнічалі кіраўніца дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Малгажата Гасеўска, праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка і лідэрка беларускіх дэмакратычных сіл Сьвятлана Ціханоўская. Арт-інсталяцыю адкрылі ў межах Дзён Беларусі ў Брусэлі на знак салідарнасьці Эўразьвязу з народам Беларусі.

Арт-інсталяцыя «Нязломныя» створаная ў межах кампаніі #FreeViasna. Яна прысьвечаная праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзімеру Лабковічу, Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку, якіх асудзілі на вялікія тэрміны за дапамогу людзям у адстойваньні сваіх правоў. Раней праект ужо прадставілі ў Вільні (Літва), Познані (Польшча), Бэрліне (Нямеччына) і Капэнгагене (Данія). Цяпер наведаць інсталяцыю можна ў Брусэлі да 20 сьнежня па адрасе: The Esplanade of the European Parliament / Rue Wiertz 60, 1047.

«Мэта нашай інсталяцыі — прыцягнуць увагу да лёсаў беларускіх праваабаронцаў, а празь іх — i да тысячаў палітвязьняў і рэпрэсаваных. І гэта ня проста лічбы, а канкрэтныя людзі, а разам зь імі — іх родныя, сябры, што праходзяць праз выпрабаваньні турэмнага зьняволеньня.

Партрэты нашых калегаў зробленыя з мэталічных прутоў, што, з аднаго боку, нагадвае пра тыя суровыя ўмовы ўтрыманьня, у якіх знаходзяцца палітвязьні кожны дзень, а зь іншага — адлюстроўвае іх моц і сьмеласьць у барацьбе за правы чалавека. Мы назвалі арт-інсталяцыю „Нязломныя“, каб падкрэсьліць пасьлядоўнасьць і прынцыповасьць вясноўцаў, непахіснасьць іх праваабарончых каштоўнасьцяў», — сказала на адкрыцьці арт-інсталяцыі праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка.

Імя мастака, які стварыў арт-інсталяцыю, пакуль не раскрываюць у мэтах бясьпекі.

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове адзначыла неверагодную мужнасьць зьняволеных праваабаронцаў «Вясны» і значнасьць гэтай выставы як сымбаля змаганьня за свабоду праваабаронцаў.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

«Сёньня ў Эўрапарлямэнце мы адкрылі выставу пра сапраўдных барацьбітоў за волю, пяцярых адважных беларусаў: Алеся Бяляцкага, Андрэя Чапюка, Уладзімера Лабковіча, Марфу Рабкову і Валянціна Стэфановіча. Уявіце, сапраўдная каманда праваабаронцаў мары! На чале зь ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальнікам „Вясны“ Алесем Бяляцкім! Нашыя супэргероі Marvel. Доўгія гады яны нястомна працавалі ў інтарэсах беларускіх палітвязьняў і, як гэта часта бывае пры дыктатуры, самі сталі палітвязьнямі», — сказала Ціханоўская.

Яна адзначыла, што цяпер тыя, хто за кратамі, ня могуць «казаць за сябе», і заклікала прысутных: «Давайце будзем іх галасамі!».

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG