У сьпіс уключылі «масава-палітычныя, літаратурна-мастацкія, адукацыйныя, культуралягічныя, адукацыйныя СМІ, а таксама выданьні для дзяцей і моладзі, асноўнай мэтай якіх зьяўляецца рэалізацыя дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі: знаёмства грамадзкасьці з актуальнымі праблемамі палітычнага, сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь, функцыянаваньня сыстэмы ідэалёгіі, адукацыі і іншых сацыяльных сфэр краіны», паведамілі ў міністэрстве.
Сьпіс не зьмяніўся ў параўнаньні з 2022–2024 гадамі, у яго зноў уключаныя (у дужках — заснавальнікі і (ці) выдаўцы):
- часопіс «Алеся» (Міністэрства інфармацыі, Беларускае таварыства жанчын);
- «Беларускі гістарычны часопіс» (Міністэрства адукацыі);
- часопіс «Бярозка» (выдавецкі дом «Звязда»);
- газэта «Вместе!» (Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Беларускае таварыства інвалідаў);
- часопіс «Вясёлка» (выдавецтва «Адукацыя і выхаваньне»);
- «Журнал специального назначения» (выдавецкі дом Адміністрацыі прэзыдэнта «Беларусь сегодня»);
- газэта «Звязда» з дадаткамі «Чырвонка. Чырвоная зьмена», «Мясцовае самакіраванне» (Савет Рэспублікі, Палата прадстаўнікоў, Савет Міністраў; БРСМ);
- газэта «Знамя юности» (Міністэрства адукацыі, БРСМ, ВД «Беларусь сегодня»);
- газэта «Зорька» (БРСМ);
- газэта «Літаратура і мастацтва» (Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, рэдакцыйна-выдавецкае ўстанова «Літаратура і мастацтва»);
- часопіс «Маладосць» (Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, РВУ «Літаратура і мастацтва»);
- часопіс «Мастацтва» (Міністэрства культуры);
- часопіс «Народная асьвета» (Міністэрства адукацыі);
- «Народная газета» (ВД «Беларусь сегодня»);
- часопіс «Нёман» (Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, выдавецкі дом «Звязда»);
- часопіс «Полымя» (Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, ВД «Звязда»);
- часопіс «Родная прырода» (Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя);
- газэта «Рэспубліка» (Савет Міністраў, ВД «Беларусь сегодня»);
- газэта «СБ. Беларусь сегодня» (Адміністрацыя прэзыдэнта, ВД «Беларусь сегодня»);
- «Сельская газета» (Савет Міністраў, ВД «Беларусь сегодня»);
- газэта «Спортивная панорама» (Міністэрства спорту і турызму).
У рэспубліканскім бюджэце на 2024 год выдаткі на «пэрыядычны друк і выданьне» прадугледжаныя ў памеры 6,7 млн рублёў, на «падтрыманьне тэлевізіі і радыёвяшчаньня» — 142,4 млн рублёў.
Пры гэтым, пачынаючы з 2020 году, узмацніўся ціск на незалежную прэсу. І да таго моманту ён адчуваўся, але пасьля пратэстаў 2020 году рэпрэсіі прычыніліся да таго, што шэраг рэдакцый пакінуў краіну, а шмат газэтаў і часопісаў проста закрыліся.
Шэраг сайтаў і каналаў беларускіх незалежных СМІ прызнаныя экстрэмісцкімі.
На гэты момант у Беларусі 35 работнікаў прэсы знаходзяцца за кратамі праз палітычна матываваныя абвінавачаньні.
Беларусь заняла 167-е месца ў Сусьветным індэксе свабоды прэсы 2024 году. На першым месцы сярод праблемаў, што зазнаюць беларускія журналісты, якія пасьля падзеяў 2020 году апынуліся за мяжой, — праблемы бясьпекі. Прычым ня толькі ўласнай, але і бясьпекі сваякоў на радзіме. Гэта вынікае з апытаньня, якое правяла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) у 2024 годзе.
Агулам, паводле падлікаў БАЖ, з больш як 5 тысяч супрацоўнікаў беларускіх мэдыя, якія дзейнічалі ў краіне ў 2020 годзе, за мяжой цяпер знаходзяцца каля 500 чалавек. Колькасьць замежных беларускіх мэдыя і мэдыйных праектаў БАЖ ацэньвае ў 30–40.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум