Візуалізаваны падкаст Беларускай службы Радыё Свабода «Архіпэляг БЕЛАГ», які расказвае пра карную сыстэму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, прызнаны працай году на Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Гэта адбылося падчас 15-й штогадовай цырымоніі ўганараваньня пераможцаў конкурсу Best Of RFE/RL у штаб-кватэры кампаніі ў Празе 6 сьнежня.
Падкаст-сэрыял Ганны Соўсь «Архіпэляг БЕЛАГ» атрымаў першае месца ў адной зь пяці конкурсных катэгорый — «Выбар рэдакцыі», дзе на перамогу прэтэндавалі яшчэ дзевяць праектаў-фіналістаў аўтарства пяці розных службаў мэдыякарпарацыі.
У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы правялі вас праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамаглі былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Падкаст таксама выйшаў па-расейску — у адаптацыі тэлеканала «Настоящее время» і Расейскай службы Радыё Свабода.
Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі на 27 мовах. Місія карпарацыі — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі ў краінах, дзе свабодная прэса пад пагрозай і навязваецца дэзынфармацыя. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода паведамляе пра факты, не зважаючы на ціск.
Сёлета Беларуская служба Радыё Свабода адзначыла сваё 70-годзьдзе.