Міні-сэрыял Радыё Свабода «Архіпэляг БЕЛАГ» расказвае пра карную сыстэму рэжыму Лукашэнкі.

У сямі частках візуалізаванага падкасту мы правялі гледачоў і слухачоў праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамагалі былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

«Безумоўна, вы дакладную назву знайшлі, — кажа Сьвятлана Алексіевіч. — Так сёньня і ёсьць, але тут не такі размах… Але захаваўся дух, захаваліся спосабы катаў, захавалася іхная псыхалёгія, іх разуменьне. І гэта ўсё Сталін, сталінскі час».

«У сьвеце мала ведаюць пра гуманітарную катастрофу ў Беларусі, а ўлады імкнуцца зрабіць рэпрэсіі нябачнымі, салідарнасьць немагчымай, злачынствы схаванымі, галасы палітвязьняў фальшывымі ці нячутнымі. Тэма палітвязьняў была прыярытэтнай для журналістаў Радыё Свабода ўсе гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым ня зможа нармалізаваць рэпрэсіі, бо расказанае, запісанае, візуалізаванае застанецца», — кажа аўтарка падкасту Ганна Соўсь.

Унікальнасьць падкасту палягае яшчэ і ў тым, што над яго візуалізацыяй разам з намі працавалі былыя палітзьняволеныя.

Кола 1. Затрыманьне. Кабінэты ГУБАЗіКу і КДБ

У сучаснай Беларусі за краты можа трапіць кожны і кожная ў любы момант. Падстава — стары фатаздымак зь бел-чырвона-белым сьцягам, неасьцярожны камэнтар, 20 даляраў данату тры гады таму на дапамогу пацярпеламу, подпіс за не-Лукашэнку падчас выбарчай кампаніі, беларуская мова, выпадковае знаходжаньне ня ў той час і ня ў тым месцы, данос, прыналежнасьць да нейкай сацыяльнай групы.

Сілавікі могуць прыйсьці дадому, могуць забраць з працы. Каб паралізаваць волю затрыманага, ад самага пачатку над ім чыняць гвалт. Затрыманага прымушаюць запісваць на відэакамэру так званае прызнаньне.

Ганна Вішняк, былая палітзьняволеная: «Мяне нагой штурхнулі ў сонечнае спляценьне. Я на некалькі мэтраў адлятаю, яны хутка заходзяць і пачынаюць забіраць тэхніку… [У ГУБАЗІКу] маглі паставіць крэсла зьверху, сесьці на яго і пытацца, ці падабаецца…».

Візуалізавала гэтую частку падкасту былая палітзьняволеная, якая пажадала застацца ананімнай.

Кола 2. Катавальня Акрэсьціна

Менскі цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на 1-м завулку Акрэсьціна, 36 пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году стаў вядомы на ўвесь сьвет як сымбаль катаваньняў мірных грамадзянаў, ня згодных з фальсыфікацыямі на выбарах.

Экспэрты Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі зрабілі высновы, што сілавікі рэжыму, амапаўцы, супрацоўнікі Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, іншыя сілавікі, якія знаходзіліся на тэрыторыі ЦІП, учынялі злачынствы супраць чалавечнасьці.

Анастасія Булыбенка, былая палітзьняволеная: «Калі пекла ёсьць, калі яно такое, то я б назвала гэта пеклам… Сьпяць там усе на падлозе… Я зайшла, адразу сказалі, што вошы… Трыццаць сутак я была бяз душа. Перадачаў няма».

Візуалізавала гэтую частку падкасту былая палітзьняволеная, якая пажадала застацца ананімнай.

Кола 3. «Валадарка» і «Амэрыканка»

«Валадарка», Пішчалаўскі замак ці Менскі турэмны замак, сьледчы ізалятар № 1 Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму. За кратамі «Валадаркі» пабывалі Якуб Колас, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, практычна ўсе беларускія палітвязьні. Тут стралялі ў патыліцу энкавэдысты ў 1937 годзе. Ад 1953 году «Валадарка» — адзіная ўстанова ў Беларусі, дзе выконваюць сьмяротнае пакараньне. Усяго з 1991 году ў СІЗА № 1 расстралялі больш за 400 чалавек.

Сьледчы ізалятар КДБ у Менску, так званая «Амэрыканка», разьмешчаны ва ўнутраным двары будынку КДБ Беларусі. Гэта круглы двухпавярховы будынак дзейнічае з 1920-х гадоў. Праз «Амэрыканку» прайшлі многія беларускія палітвязьні, у тым ліку былыя кандыдаты на прэзыдэнта. У «Амэрыканцы» трымаюць людзей, чые справы вядуць сьледчыя КДБ і чыя дзейнасьць, паводле афіцыйнай фармулёўкі, «пагражае нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Віталь Шкляраў, былы палітвязень: «Першапачаткова я думаў, мяне вязуць на расстрэл. Калі мы сустрэліся з Бабарыкам, ён расказваў, што калі яго забіралі, ён думаў, што яго вязуць на расстрэл. Я думаю, што яны рабілі і робяць цяпер гэта з рознымі людзьмі, каб зрабіць цябе паслухмяным і згаворлівым».

Візуалізавала гэтую частку падкасту былая палітзьняволеная Марыя Каленік.

Кола 4. Хатні арышт

Хатні арышт увялі ў Беларусі ў 2001 годзе. Ад 2003 году два дні хатняга арышту адпавядаюць аднаму дню арышту.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч называе хатні арышт выдасканаленым спосабам катаваньняў. Паводле былога палітвязьня Ільлі Салея, самае складанае ў хатнім арышце — гэта абсалютна поўная ізаляцыя. Каля 7 месяцаў пад хатнім арыштам правяла выкладчыца, культуроляг Юлія Чарняўская. Яна ня мела права кантактаваць ні з кім, акрамя адваката; ёй было забаронена пісаць лісты, карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, выходзіць з дому, прымаць гасьцей, атрымліваць падарункі.

Візуалізаваў гэтую частку падкасту былы палітвязень Лявон Халатран

Кола 5. «Хімія»

Абмежаваньне свабоды з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ў народзе называюць «хіміяй». Гэты тэрмін зьявіўся за савецкім часам, калі асуджаных адпраўлялі на будоўлі розных прадпрыемстваў, у тым ліку зьвязаных з хімічнай прамысловасьцю. Асуджаныя на «хімію» жывуць у памяшканьнях, падобных да інтэрнатаў, плацяць за пражываньне. Яны абавязаныя працаваць. Часта асуджаных накіроўваюць на нізкакваліфікаваную працу, напрыклад у калгасы. У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу. Праваабаронцы кажуць, што на «хіміі» вельмі дрэнныя побытавыя ўмовы, а для палітвязьняў ёсьць вялікая рызыка пераводу ў калёнію.

Асуджаны на «хатнюю хімію» жыве дома, працягвае працаваць на сваім асноўным месцы, але з заробку ў яго могуць забіраць да 25% кожны месяц. Ён павінен стаць на ўлік у спэцыяльнай інспэкцыі, з праверкай да яго могуць прыйсьці ў любы час дадому ці на працу. Асуджанаму на «хатнюю хімію» забаронена выходзіць з дому ў выходныя і сьвяты. Нельга хадзіць у госьці, наведваць любыя забаўляльныя мерапрыемствы.

Візуалізаваў гэтую частку падкасту былы палітвязень Лявон Халатран

Кола 6. Папраўчыя калёніі

У Беларусі 17 папраўчых калёній, яны падзеленыя на некалькі відаў: строгага, агульнага, узмоцненага і асаблівага рэжыму. Апошні — найгоршы.

Вольга Класкоўская, былая палітзьняволеная:«Адразу магу адказаць, што гомельская калёнія — найгоршае месца. Гэта рэальная страшэнная катоўня, установа сталінскага тыпу. Знаходзіцца там, выжываць, трымацца вельмі цяжка. Самыя страшныя, драматычныя, пякельныя ўспаміны зьвязаныя менавіта з гомельскай калёніяй».

Віктар Пархімчык, былы палітвязень:«Гэтая калёнія падпарадкоўваецца апошнім трэндам па расчалавечваньні. Задача — катаваць. У шклоўскай калёніі я мог заўважыць, як паступова закручваюцца гайкі».

Візуалізаваў гэтую частку падкасту былы палітвязень Віктар Пархімчык.

Кола 7. Турмы-катавальні

Сучасная пэнітэнцыярная сыстэма функцыянуе такім чынам, што многім палітвязьням пасьля некалькіх ШЫЗА мяняюць рэжым на больш жорсткі і пасьля новага суду з папраўчых калёніяў пераводзяць на турэмны рэжым. Практычна ўсе палітвязьні, якім прысудзілі турму, усё яшчэ за кратамі. Гэтая частка падкасту прысьвечаная тром турмам Беларусі — у Горадні, Магілёве і Жодзіне, дзе ў надзвычай жорсткіх умовах трымаюць палітычных зьняволеных.

Былы палітвязень, як пажадаў захаваць ананімнасьць: «Турма ў Горадні — „страшнае месца“, дзе „ты аддасі ўсё здароўе“. Вязьняў там трымаюць у камэрах, яны ня бачаць сонечнага сьвятла. Ад гэтага ў многіх хутка пачынаюцца хваробы зроку, лёгкіх і скуры, праблемы са страўнікам. Перадачы з волі абмежаваныя да мінімуму... Шпацыр вязьні маюць адзін раз на дзень, і той у закрытым бэтонным дворыку. Там шмат спосабаў зламаць чалавека»

Ігар Макар, былы «алмазавец»:«Калі мы прыяжджалі ў некаторыя турмы, нас выстройвалі ў калідоры ў дзьве шарэнгі, у нас тады былі дубінкі. Адчынялася камэра, называлі прозьвішча зьняволенага, „На выхад“ — і бегчы. Яны прабягалі, і мы іх усіх дубінкамі, хто як мог, так і зьбіваў. Потым яны курчыліся ад болю».

Візуалізавала гэтую частку падкасту былая палітзьняволеная Ася Булыбенка.

Кола 8. ШЫЗА, ПКТ, сьмерці за кратамі

Кожны палітвязень за кратамі трапляе ў штрафны ізалятар. Працяглыя тэрміны ізаляцыі палітвязьняў у ШЫЗА праваабаронцы трактуюць як жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне, шмат у якіх выпадках як проста катаваньне. Былыя палітвязьні сьведчаць пра наладжаную ў калёніях сыстэму, калі палітвязьняў з надуманых прычын адпраўляюць у ШЫЗА, а пасьля пераводзяць на больш жорсткі рэжым. Катаваньні за кратамі маюць розныя формы. Гэта ня толькі неаказаньне мэдычнай дапамогі, нялюдзкія ўмовы зьняволеньня, поўная ізаляцыя, — палітвязьняў нават б’юць супрацоўнікі калёній, а магчыма, і крымінальнікі на загад адміністрацыі.

Колькі дакладна палітвязьняў загінулі за кратамі або заўчасна памерлі ў выніку зьняволеньня, невядома. Праваабаронцы называюць 11 загінулых пасьля 2020 году ў месцах пазбаўленьня волі: Аляксандар Віхор, Вітольд Ашурак, Зьміцер Дудойць, Алена Амеліна, Сяргей Шчацінка, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Зьміцер Сарокін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч. Паводле прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту былой палітзьняволенай Вольгі Гарбуновай, прынамсі 200 палітвязьням тэрмінова патрэбная мэдычная дапамога.

Візуалізацыю гэтай часткі падкасту зрабіў былы палітвязень Даніла Ганчароў.

Кола 9. Вызваленьне. Жыцьцё пад наглядам

Калі пасьля шматлікіх выпрабаваньняў палітвязьні выходзяць на свабоду, яны не становяцца свабоднымі людзьмі. На працягу двух гадоў былыя палітвязьні павінны прасіць дазволу, каб выехаць з гораду больш як на тры дні, яны падпісваюць новыя і новыя дакумэнты аб наглядзе, аб прафіляктычным уліку. Паводле падлікаў праваабаронцаў, у лістападзе 2023 году налічвалася каля 1400 былых палітзьняволеных. Вялікая частка былых палітвязьняў пакідае Беларусь.

Вольга Гарбунова, былая палітзьняволеная: «Ты не трапляеш на свабоду, калі выходзіш зь СІЗА ці калёніі. Ты трапляеш у новую турму, у якую ператварылася ўся краіна. Мы цудоўна ведаем, што палітвязьні не становяцца свабоднымі».

Леанід Судаленка, былы палітвязень: «З адной турмы ў іншую турму… Я разумеў, што выстаўленьне мне новых крымінальных абвінавачаньняў — справа часу».

Візуалізавала гэтую частку падкасту былая палітзьняволеная Натальля Карнеева.