Пра гэта інфармуе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Заснавальнік YouTube-каналу «Шэры кот» Зьміцер Казлоў 28 лістапада павінен быў вызваліцца з бабруйскай папраўчай калёніі пасьля чатырох з паловай гадоў зьняволеньня.
Аднак 29 лістапада ў судзе Бабруйску і Бабруйскага раёну яго зноў судзілі — Зьмітра Казлова абвінавацілі ў злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы (паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэксу).
Пакараньне па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 1 году пазбаўленьня волі, па частцы 2 — да 2 гадоў.
Паводле юрыста БАЖ, выпадкі, каб з «палітычнага» падсуднага зьнялі абвінавачаньне па артыкуле 411, згадаць цяжка.
«Хіба толькі ў 2017 годзе апраўдалі грамадзкага актывіста Андрэя Бандарэнку. Гэта было даволі нечакана на той момант. Звычайна даюць максымальны тэрмін. Можна ўзгадаць і выпадак апошняга прысуду Паліне Шарэндзе-Панасюк, якую вінавацілі па частцы 2 артыкула 411 КК. Суд прызначыў ёй 1 год зьняволеньня, хоць максымальна можна было 2 гады. Але цяпер пракурор гэтае рашэньне суду абскарджвае, хутчэй за ўсё, праз „мяккасьць“», — адзначае юрыст.
Таксама юрыст БАЖ зьвяртае ўвагу і яшчэ на адну акалічнасьць: артыкул 411 Крымінальнага кодэксу прымяняецца да асоб, якія цягам году зьмяшчаліся ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ), спэцыялізаваную палату ці адзіночную камэру альбо пераводзіліся ў турму.
- У бабруйскую папраўчую калёнію № 2 Зьміцер Казлоў трапіў пасьля вэрдыкту судзьдзі Магілёўскага абласнога суду Ірыны Ланчавай. 25 траўня 2021 году яна асудзіла яго і яшчэ шасьцярых актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» паводле часткі 1 артыкула 13 і часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Зьмітру Казлову судзьдзя Ланчава прызначыла 5 гадоў зьняволеньня.
- За кратамі з улікам часу ўтрыманьня ў СІЗА Зміцер Казлоў правёў 4,5 года.
- Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 году за плякаты, вывешаныя насупраць будынку суду Першамайскага раёну Менску. 12 чэрвеня пакаралі 20 суткамі адміністрацыйнага арышту. А 30 чэрвеня, калі блогер павінен быў выйсьці на волю, стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу. З ізалятара на Акрэсьціна Зьмітра перавялі ў СІЗА‑1.
- У ліпені 2020 году беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Зьмітра Казлова палітычным вязьнем.
- Зьмітру Казлову 36 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у гарадку Барань пад Воршай. Скончыў чатыры курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучыўся на агранома. Блогерствам захапіўся ў 2017 годзе. Спачатку здымаў відэаролікі пра праблемы Аршаншчыны, але паступова перайшоў да палітычнай тэматыкі.
- Сям’і і блізкіх сваякоў Зьміцер ня мае, ягоныя бацькі памерлі шмат гадоў таму.
Форум