Новым міністрам культуры Беларусі стаў актор тэатру і кіно Руслан Чарнецкі. Ён таксама зьяўляецца сябрам Пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Да Чарнецкага Міністэрства культуры ачольваў 53-гадовы Анатоль Маркевіч. На ягоны пэрыяд прыпалі шматлікія забароны на канцэрты вядомых беларускіх выканаўцаў, западозраных у «неляяльнасьці» ўладам.
Пасьля пратэстаў 2020 году Чарнецкі стаў адным з вядомых прыхільнікаў Лукашэнкі на фоне таго, што дзясяткі актораў пакінулі прафэсію, а многія і Беларусь — празь нязгоду з палітычным рэжымам, які з дапамогай гвалту застаўся кіраваць дзяржавай.
Што вядома пра новага міністра культуры
Чарнецкі нарадзўся ў 1981 годзе ў Менску, па першай адукацыі ён сьлесар, пасьля скончыў тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спэцыяльнасьці «Акторскае майстэрства драматычнага тэатра і кіно».
Працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага, здымаецца ў кіно, вядзе праграму «Наше утро» на тэлеканале АНТ. Уваходзіць у праўладную партыю «Белая Русь».
Тых, хто пакінуў краіну пасьля падзей 2020 году, Чарнецкі называў «здраднікамі». У інтэрвію кіраўніку АНТ Марату Маркаву нэгатыўна выказваўся аб пратэстах 2020 году. У размове зь іншым прапагандыстам, Рыгорам Азаронкам, Чарнецкі называў Лукашэнку «бацькам» і запэўніваў, што той шчыра любіць увесь беларускі народ.
Форум