Сярод затрыманых іншаземцаў — грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі 1999 году нараджэньня, грамадзянін ЗША Нік Лаладзэ 1992 году нараджэньня і восем грамадзян Расеі, піша «Эхо Кавказа».
Інфармацыя тэлекампанія «Имеди» аб затрыманьні на акцыі пратэсту ў Тбілісі грамадзяніна Беларусі Яўгена Муравіцкага пацьверджаная, паведаміў «Позірку » праваабаронца Раман Кісьляк. Да суду Муравіцкі, якому ў чэрвені споўнілася 25 гадоў, знаходзіцца ў СІЗА горада Сігнахі (вядомы турыстычны цэнтар Грузіі) за 109 км ад сталіцы.
«Нібыта таму, што месцы зняволеньня ў Тбілісі перапоўнены», — сказаў Кісляк, які пражывае ў Грузіі і дамагаецца права на прытулак. Даставіць у суд, паводле яго слоў, затрыманага абавязаны на працягу 48 гадзін з моманту затрыманьня.
Раней МУС Грузіі паведаміла пра затрыманьне 107 чалавек на акцыі пратэсту ў Тбілісі. Усім ім ставяць у віну непадпарадкаваньне патрабаваньням паліцыі і дробнае хуліганства — артыкулы 166 і 173 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньняў. Паліцыя жорстка разагнала акцыю 29 лістапада, супраць пратэстоўцаў ужылі вадамёты і пярцовы спрэй, іх зьбівалі. Дакладная колькасьць пацярпелых невядомая.
Тым часам увечары 30 лістапада ў Грузіі аднавіліся акцыі супраць адыходжаньня краіны ад эўрапейскага шляху, яны працягнулі партэст і раніцай 1 сьнежня. Пратэст працягваецца і каля Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, куды адыйшлі мітынгоўцы пад ціскам сілавікоў.
- Увечары 29 лістапада ў шэрагу гарадоў Грузіі (у Батумі, Кутаісі, Зугдзідзі, Горы, Поці, Чхароцку) людзі выйшлі на пратэсты супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі Грузіі.
- 28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклій Кабахідзэ аб’явіў пра прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам і адмову ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.