У выбарчы фонд Аляксандра Лукашэнкі, які вылучаецца кандыдатам у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2025 году, да 27 лістапада паступіла 610 120 беларускіх рублёў, сьведчыць прамежкавая справаздача Цэнтральнай выбарчай камісіі.
На патрэбы Лукашэнкі сабралі ў 20,7 раза больш, чым на астатніх чатырох прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкае крэсла — у іх агулам 29 440 рублёў, падлічыў «Позірк»:
- 12 300 рублёў ахвяравалі ў фонд Ганны Канапацкай, былой сяброўкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта Беларусі ў 2020 годзе,
- 11 955 рублёў — на кампанію Сяргея Сыранкова, старшыні Камуністычнай партыі Беларусі,
- 3 035 рублёў — у фонд Алега Гайдукевіча, кіраўнік ляяльнай дзейным уладам Лібэральна-дэмакратычнай партыі,
- 2 150 рублёў — у фонд Аляксандра Хіжняка, кіраўніка праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.
Хіжняк і Сыранкоў ня выдаткавалі ні рубля з гэтых грошай на выбарчую кампанію, Гайдукевіч выдаткаваў 140,88 рубля, Канапацкая — 8000 рублёў.
Для параўнаньня: на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году больш за ўсё сродкаў паступіла ў фонд Сьвятланы Ціханоўскай — 272 362,28 рубля (выдаткавана 79,7%), на другім месцы быў Аляксандар Лукашэнка — 258 712,87 руб. (выдаткавана 93,9%), далей Андрэй Дзьмітрыеў — 6 447,60 руб. (выдаткавана 85%), Ганна Канапацкая — 4 357 руб. (выдаткавана 95,6%) і Сяргей Чэрачань — 3 300 руб. (выдаткавана 95,4%).
Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта працягнецца па 6 сьнежня. Згодна з Выбарчым кодэксам Беларусі, для ўдзелу ў выбарах прэтэндэнту на прэзыдэнцкае крэсла неабходна сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў.
Ініцыятыўная група Лукашэнкі яшчэ 21 лістапада заявіла, што за яго вылучэньне сабралі сама меней 1,581 млн подпісаў — праваабаронцы заявілі, што «няма падставаў верыць» гэтым лічбам. Гайдукевіч 22 лістапада адсправаздачыўся аб пераадоленьні мінімальнага парогу і выказаў намер працягнуць збор, Канапацкая заявіла, што яе ініцыятыўная група зьбірае па 4 тысяч подпісаў штодня, але агульную колькасьць не назвала. Хіжняк і Сыранкоў сваімі посьпехамі публічна не дзяліліся.
З 1996 году ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам. Працэс падрыхтоўкі да сёмых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 26 студзеня 2025 году, праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанэнтаў Лукашэнкі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум