На адкрыцьці выступіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Ён зьвярнуўся з прамовай да ўсіх, хто браў удзел у аднаўленьні сабора.
«Пажар 2019 году быў нашай нацыянальнай траўмай. Ваша праца і неабыякавасьць сталі лекамі для яе. Вы аднавілі мастацтва з попелу», — сказаў Макрон. Ён асабліва ўшанаваў памяць генэрала Жана-Луі Жаржэлена, які кіраваў рэстаўрацыяй і летась памёр.
Першапачаткова Макрон плянаваў выступіць унутры сабора. Гэта выклікала рэзкія пратэсты грамадзкасьці, якая нагадала, што царкоўныя будынкі не павінны выкарыстоўвацца для палітычных сходаў, і што выступаць унутры сабора не дазвалялася нават францускім каралям. У выніку Макрон зьвяртаўся да суграмадзянаў зь дзядзінца каля ўваходу ў будынак.
Урачыстае адкрыцьцё сабора адбудзецца 7 сьнежня. На цырымонію запрасілі кіраўнікоў многіх дзяржаў, спэцыялісты зь якіх удзельнічалі ў рэстаўрацыі. Пасьля гэтага Нотр-Дам пачне ў звычайным рэжыме прымаць турыстаў і прыхаджан.
- Буйны пажар у Нотр-Даме адбыўся 15 красавіка 2019 году. Загарэліся будаўнічыя рыштаваньні на даху сабора. Дакладную прычыну пажару не ўдалося ўстанавіць, аднак вэрсію наўмыснага падпалу сьледзтва выключыла.
- Як мяркуецца, рыштаваньні загарэліся ад кінутага працоўнымі недакурка або ад кароткага замыканьня ў электраправодцы. Дах сабора выгарэў цалкам, быў разбураны шпіль. Пашкоджаньні ўнутры будынка былі нашмат меншыя.
- Зьбіраць сродкі на аднаўленьне сабора пачалі, яшчэ калі пажар ня быў патушаны. Ахвяраваньні з усяго сьвету склалі больш за 840 мільёнаў эўра. Гэтая сума аказалася нават большай, чым каштавала рэстаўрацыя; яе рэшта будзе выкарыстана на далейшую падтрымку будынку.
- Нотр-Дам — сабор Парыскай Маці Божай — галоўны сабор францускай сталіцы і адзін з найбольш вядомых сымбаляў Парыжа і Францыі ў цэлым. Ён быў пабудаваны ў XII стагодзьдзі і з таго часу шматкроць перабудоўваўся. Чакаецца, што пасьля адкрыцьця ў сьнежні ён будзе штогод прымаць каля 15 мільёнаў наведнікаў.
Форум