Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 1,2 тысячы адміністрацыйна асуджаных: перад выбарамі ў Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі, — праваабаронцы


Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія пройдуць 26 студзеня 2025 году, суправаджаюцца традыцыйнымі рэпрэсіямі, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прааналізаваў, як у параўнаньні зь летнімі месяцамі 2024 году павялічылася колькасьць палітычна матываваных адміністрацыйных судоў за верасень, кастрычнік і палову лістапада.

Агулам за апошнія 2,5 месяцы праваабаронцы зафіксавалі 1 452 факты рэпрэсіяў у Беларусі (гаворка пра затрыманьні, ператрусы, адміністрацыйныя суды і г.д.).

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за гэты пэрыяд беларускія судзьдзі разгледзелі сама меней 1 213 спраў паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне):

  • 488 спраў — у верасьні,
  • 537 — у кастрычніку,
  • 188 — за першыя два тыдні лістапада.

Пры гэтым цягам трох летніх месяцаў беларускія суды разгледзелі 975 адміністрацыйных палітычна матываваных спраў — на 238 менш, чым за два з паловай месяцы восені. Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што ўсе лічбы могуць быць значна большымі праз тое, што яны не валодаюць усімі зьвесткамі пра рэпрэсіі.

У рэгіёнах Беларусі фіксуецца больш фактаў перасьледу, чым у Менску. Так, самай рэпрэсіўнай вобласьцю зьяўляецца Гомельская — мінімум 337 чалавек былі асуджаныя ў адміністрацыйным парадку за апошнія 2,5 месяцы. Толькі ў Рэчыцы асудзілі ня менш за 98 чалавек.

На другім месцы — Берасьцейская вобласьць: там прайшлі сама меней 278 судоў, большасьць зь якіх разглядалі ў Берасьці. Менавіта там судзяць тых, каго затрымліваюць на мяжы па вяртаньні ў Беларусь, адзначае «Вясна». Апроч гэтага, увосень масава судзілі і жыхароў Баранавічаў — 56 выпадкаў.

Таксама, паводле зьвестак праваабаронцаў, людзей масава судзяць у Барысаве, Ваўкавыску, Глыбокім, Добрушы, Жлобіне, Лепелі, Мазыры, Наваполацку, Оршы, Пінску і іншых гарадах.

Падчас апошняга вядомага масавага рэйду сілавікоў 31 кастрычніка і 1 лістапада па ўсёй Беларусі затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Супрацоўнікі КДБ прыходзілі да людзей у межах крымінальнай справы, заведзенай паводле арт. 357 Крымінальнага кодэксу Беларусі (змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытаньні наконт дваровых чатаў. 4 лістапада КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» шэраг дваровых чатаў — меркавана, гэта і стала прычынай масавых затрыманьняў, выказваюць здагадку праваабаронцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG