Беларуса, якога ў Польшчы падазраюць у спробе падпалу, завуць Яраслаў С., ён знаходзіўся ў Польшчы легальна і жыў у гэтай краіне з кастрычніка 2020 году, калі прыехаў зь Беларусі пасьля пратэстаў. У мужчыны была «карта паляка». Такія дэталі ў сваёй публікацыі абнародавала газэта Rzeczpospolita.
Выданьню невядома, ці атрымаў мужчына «карту паляка» дзякуючы польскім караням ці іншым спосабам.
Беларуса падазраюць у спробе падпалу складу матэрыялаў для адстройваньня (фарбаў і тынкоўкі) у Гданьску. У час ператрусу ў яго знайшлі і сканфіскавалі прадметы, якія маглі быць выкарыстаныя ў падобных дывэрсіях.
Мужчына стаў трэцім беларусам, якога затрымалі па абвінавачаньні ў падпалах на заданьне расейскіх спэцслужбаў. Яшчэ ў аднаго фігуранта справы, затрыманага ў траўні, таксама была «карта паляка».
Затрыманьне беларуса — толькі адзін з эпізодаў буйной і скандальнай справы аб падпалах. Служба ўнутранай бясьпекі Польшчы мяркуе, што расейскія спэцслужбы арганізавалі акты сабатажу ў Гданьску, Гдыні і Марках, а таксама плянавалі ўчыніць ва Ўроцлаве.
Усім затрыманым выставілі абвінавачаньні ва ўдзеле ў міжнароднай арганізаванай злачыннай групе, а таксама ў выкананьні актаў дывэрсіі і сабатажу на даручэньні замежнай выведкі. За гэтыя злачынствы прадугледжана пакараньне аж да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Форум