Зьняволеная беларуская палітычная актывістка Марыя Калесьнікава разглядае магчымасьць прасіць аб памілаваньні. Пра гэта паведаміў яе бацька. Аляксандар Калеснікаў паразмаўляў з Associated Press празь дзень пасьля сустрэчы з дачкой у турме пад Гомлем, дзе 42-гадовая музыка, якая стала палітычнай актывісткай, адбывае 11-гадовае зьняволеньне.
Сустрэча ў турэмным шпіталі адбылася пасьля таго, як больш за 20 месяцаў яе родныя і сябры нічога ня чулі пра яе.
«Я нарэшце змог яе абняць», — сказаў Калеснікаў, дадаўшы, што яна «была ў адносна нармальным стане». Ён сказаў, што ня можа камэнтаваць далей, бо ўлады дазволілі кароткую сустрэчу толькі пры ўмове, што ён ня будзе выдаваць ніякіх іншых дэталяў.
Калесьнікаў паведаміў, што яны з дачкой абмяркоўвалі магчымасьць зьвярнуцца да Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні. «Яна думае пра гэта», — сказаў ён.
У лістападзе 2022 году Калесьнікаву перавялі ў рэанімацыю для правядзеньня апэрацыі з нагоды прабадной язвы. Былыя зьняволеныя казалі яе сястры Тацяне Хоміч, што Калесьнікава ростам у 175 см важыла ўсяго каля 45 кіляграмаў.
«Мы вельмі ўдзячныя за дазвол на сустрэчу і ўдзячныя ўсім, хто мае дачыненьне», — сказала Хоміч агенцтву AP, выказаўшы надзею, што ўлады дазволяць сям'і падтрымліваць сувязь.
Лукашэнка, які ў студзені 2025 году пойдзе на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, каб падоўжыць сваё больш чым 30-гадовае кіраваньне, зь ліпеня вызваліў 146 палітычных зьняволеных. Вызваленыя мелі праблемы са здароўем, пісалі прашэньні аб памілаваньні. На іх рабіўся моцны ціск, каб яны падпісалі прашэньні.
Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
Праваабарончая арганізацыя «Вясна» сьцьвярджае, што ў Беларусі каля 1300 палітычных зьняволеных, у тым ліку заснавальнік арганізацыі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Прынамсі сямёра палітвязьняў загінулі за кратамі.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.
Форум