Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыя і Швэцыя выдалі грамадзянам Беларусі першыя пашпарты іншаземца

абноўлена

Сьцяг Швэцыі, ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Швэцыі, ілюстрацыйнае фота

«Народныя амбасады Беларусі» 13 лістапада паведамілі пра першыя выпадкі выдачы грамадзянам Беларусі «пашпартоў іншаземца» ў Аўстрыі і Швэцыі.

У Швэцыі грамадзяніну Беларусі ўпершыню выдалі «пашпарт іншаземца», паведаміў тэлеграм-канал «Народныя амбасады Беларусі». У паведамленьні адзначаецца, што міграцыйнае ведамства Швэцыі яшчэ ў сакавіку 2024 году абвясьціла, што беларусам, якія афіцыйна пражываюць у краіне і баяцца за сваю бясьпеку на радзіме, ня варта вяртацца ў Беларусь для падаўжэньня дакумэнтаў. Замест гэтага Швэцыя гатовая выдаваць так званыя «пашпарты іншаземцаў» тым, хто мае права на пражываньне ў краіне.

«Хаця прававая пазыцыя набыла моц яшчэ вясной гэтага году, пра рэальныя выпадкі выдачы пашпартоў іншаземцаў нічога не было вядома. І вось учора стала вядома, што аднаму з грамадзян Беларусі ў Швэцыі быў выдадзены пашпарт іншаземца», — гаворыцца ў паведамленьні.

Таксама 13 лістапада стала вядома, што два першыя «пашпарты іншаземца» беларусам выдалі ў Аўстрыі. Паводле зьвестак «Народных амбасадаў Беларусі», раней такая практыка ў дачыненьні да беларусаў у Аўстрыі не прымянялася.

«У кожным індывідуальным выпадку неабходна даказваць небясьпеку паездкі ў Беларусь для падаўжэньня нацыянальнага пашпарта, а працэдура падачы на пашпарт іншаземца не прадугледжвае глыбокай праверкі. Магчымая адмова ў першай інстанцыі, але ня варта апускаць рукі, можна пісаць абскарджаньне ў зямельны суд. Народная амбасада Беларусі ў Аўстрыі гатова надаць кансультацыйную дапамогу», — так прадстаўнікі «Народных амбасадаў» патлумачылі сытуацыю з атрыманьнем «пашпартоў іншаземца» ў Аўстрыі.

Пашпарт іншаземца выдаецца грамадзяніну замежнай дзяржавы, які мае дзейны дазвол на жыхарства або права на пражываньне ў Швэцыі, і пры гэтым пацьверджана, што ў яго няма праязнога дакумэнта замежнай дзяржавы і ён ня мае магчымасьці яго атрымаць.

Указ аб тым, што беларускія дыпляматычныя місіі больш ня будуць выдаваць новыя пашпарты грамадзянам краіны, якія знаходзяцца за мяжой, Аляксандар Лукашэнка падпісаў у верасьні 2023 году. З таго часу грамадзяне Беларусі, якія пражываюць за мяжой, могуць атрымліваць і абменьваць пашпарты толькі ў органе МУС па месцы апошняй рэгістрацыі або па месцы жыхарства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG