Кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў на кліматычным саміце, які скліканы ў Баку, выказаў некалькі камплімэнтаў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Ён падзякаваў яму за трактары, падораныя гораду Шуша.
Прэс-служба Аліева паведаміла, што таваразварот паміж дзяржавамі павялічыўся на 41%.
Таксама на сайце Аліева адзначаецца, што той падзякаваў Лукашэнку за дапамогу ў аднаўленьні адваяванай у армянаў тэрыторыі Нагорнага Карабаху. Там беларускія кампаніі дапамагаюць азэрбайджанскім аднаўляць і рэканструяваць будынкі, а таксама будаваць модульныя дамы.
Гэта ўжо другі візыт Лукашэнкі ў Баку за год. Раней ён наведаў азэрбайджанскую сталіцу ў траўні.
У гэтыя дні ў Баку праходзіць кліматычны форум COP29.
Абодва рэжымы, Аліева і Лукашэнкі, зьяўляюцца недэмакратычнымі. Выбары ў іх шмат гадоў не прызнаюцца міжнароднай супольнасьцю празрыстымі з прычыны нешанаваньня імі прынцыпаў роўнасьці і вольнага выбару. У Азэрбайджане і Беларусі шмат палітычных зьняволеных.
Армянскае насельніцтва Нагорнага Карабаху масава ўцякло ў Армэнію, асьцерагаючыся за сваё здароўе і жыцьцё. Краіны пакуль так і не прыйшлі да мірнага пагадненьня.
Паміж Беларусьсю і Армэніяй у апошнія гады разьвіваецца дыпляматычны канфлікт. Ён стаў наступствамі заяваў Лукашэнкі. Раней прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян абвінаваціў Лукашэнку ў падтрымцы Азэрбайджану ў Карабаскім канфлікце і заявіў, што ня будзе прыяжджаць у Менск, пакуль фактычным кіраўніком Беларусі зьяўляецца Лукашэнка.
У траўні 2023 году Нікол Пашыньян дапусьціў выхад Армэніі са складу АДКБ. У лістападзе прэмʼер не прыехаў на менскі саміт АДКБ і папрасіў арганізацыю зьняць дакумэнт аб дапамозе Ерэвану з парадку дня сустрэчы.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».
Форум