Аляксандар Лукашэнка вылецеў у Баку (Азэрбайджан) на Канфэрэнцыю ААН аб зьменах клімату.
Напярэдадні гэтага форуму, якому ўлады Азэрбайджану аддаюць першачарговую ўвагу, заходняя прэса апублікавала крытычныя артыкулы ў адрас азэрбайджанскага прэзыдэнта Ільхама Аліева.
Свабода прааналізавала, навошта гэты форум патрэбен Ільхаму Аліеву і Аляксандру Лукашэнку.
Аўтарытарная ўлада хоча «ачысьціць» сваю рэпутацыю
Азэрбаджан летась выйграў заяўку на правядзеньне 29-й Канфэрэнцыі аб зьменах клімату (COP29). Форум будзе праходзіць у Баку 11–22 лістапада, піша карэспандэнт Радыё Свабода Джошуа Кучэра.
Улады Азэрбайджану дабіваліся міжнароднай увагі, хоць і не выключалі крытыкі з боку такіх арганізацый, як Amnesty International і Human Rights Watch (HRW) за парушэньні правоў чалавека. Аднак да крытыкі далучыліся і прадстаўнікі дзелавых і фінанасавых колаў.
Перад форумам у выданьнях The Financial Times і The Economist выйшлі публікацыі, у якіх Азэрбайджан абвінавацілі ў выкарыстаньні крэдыту, спадарожнага COP, каб адцягнуць увагу ад уласных «крытычна недастатковых» кліматычных плянаў, а таксама выкарыстаць канфэрэнцыю, каб «адмыць» рэпутацыю аўтарытарнага прэзыдэнта Ільхама Аліева і ў цэлым ад кепскай рэпутацыі краіны ў галіне правоў чалавека.
«Я не магу не закрануць паклёпніцкую кампанію некаторых СМІ, накіраваную на тое, каб ачарніць імідж Азэрбайджану на лжывай падставе. Такія дарэмныя спробы ня могуць перашкодзіць нам выканаць нашу высакародную місію ў барацьбе з нэгатыўнымі наступствамі зьмену клімату», — заявіў Ільхам Аліеў за дзень да акрыцьця форуму.
Карэспандэнт Радыё Свабода Джошуа Кучэра зьвярнуў увагу на тое, што Азэрбайджан даўно разглядае правядзеньне маштабных міжнародных падзей як шлях да паляпшэньня міжнароднага іміджу. У 2012 годзе краіна прымала конкурс песьні «Эўравізія».
Азэрбайджан неаднаразова, хоць і беспасьпяхова, падаваў заяўкі на правядзеньне летніх Алімпійскіх гульняў і правёў Эўрапейскія гульні ў 2015-м і Гульні ісламскай салідарнасьці ў 2017 годзе. З 2017 году ў цэнтры Баку праходзіць Гран-пры Азэрбайджану ў «Формуле-1».
Для стварэньня пазытыўнага іміджу ў Баку запрасілі PR-кампанію
Азэрбайджанскія арганізатары Канфэрэнцыі COP29 выдзелілі PR-кампаніі Teneo 4,7 мільёна даляраў за рэкляму. У заяўцы Teneo, адпаведна з Законам ЗША аб рэгістрацыі іншаземных агентаў, пазначаны сотні спробаў зьвязацца з прэсай зь яўным акцэнтам на ангельскамоўныя СМІ.
Адным з ключавых наратываў арганізатараў было тое, што канфэрэнцыя будзе прысьвечаная «міру». Яны прасоўвалі ідэю «кліматычнага замірэньня», заклікаючы ваюючыя бакі па ўсім сьвеце прыпыніць баявыя дзеяньні на час форуму. Chatham House назваў гэтую ідэю «недарэчнай» і «непраўдападобнай» у сьвятле нядаўнага ваеннага наступу Азэрбайджану з мэтай «вярнуць Нагорны Карабах і азэрбайджанскі ціск на суседнюю Армэнію».
Аналітык і кандыдат у доктары ў сфэры публічнай палітыкі ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе (Чэхія) Наджмін Камільсой мяркуе, што ўрад Азэрбайджану выкарыстоўвае такія магчымасьці «ў мэтах стварэньня брэнду». Але ў той жа час ён вельмі адчувальна рэагаваў на нэгатыўную ўвагу міжнародных СМІ перад падзеяй.
«Яны хочуць, каб як мага больш заходніх зацікаўленых бакоў наведалі COP29, і яны хочуць, каб іхная арганізацыя мерапрыемства лічылася пасьпяховай», — сказаў Свабодзе Наджмін Камільсой.
Як рэагавалі ўлады Азэрбайджану на крытыку прэсы
Азэрбайджанскі журналіст і суаўтар новай справаздачы брытанскага аналітычнага цэнтру Chatham House Арзу Гэйбула мяркуе, што ўрад Азэрбайджану наўрад ці ўсьведамляў, што «Канфэрэнцыя COP29 — гэта ня „Формула-1“ці „Эўравізія“.
«Дрэнны вынік COP29 можа выклікаць абвінавачаньні, у лепшым выпадку, у „зялёным“ PRы, у горшым — у невыкананьні абавязкаў. [...] Узаемныя абвінавачваньні ў адрас Азэрбайджану, хутчэй за ўсё, нанясуць шкоду яго міжнароднай рэпутацыі і падарвуць прыязнае стаўленьне да яго ўраду, а не ўмацуюць ці перазагрузяць міжнародныя дачыненьні, на што кіраўніцтва магло б спадзявацца ў выпадку пасьпяховага правядзеньня канфэрэнцыі», — адзначаецца ў справаздачы Chatham House.
У сваёй «барацьбе з дрэннай прэсай» азэрбайджанскія афіцыйныя асобы і праўрадавыя СМІ абапіраліся на даўнюю схему, у тым ліку на абвінавачаньні ў гэтым усясьветнага армянскага лобі.
Міністар экалёгіі і прыродных рэсурсаў Азэрбайджану Мухтар Бабаеў, які ачоліў аргкамітэт падрыхтоўкі і арганізацыі COP29 і вядомы як ранейшы супрацоўнік галоўнай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, заявіў, што ў часе працы давялося даваць адпор нядобразычліўцам.
«Азэрбайджан дасягнуў значных посьпехаў: аднаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці, эканамічныя дасягненьні, моцныя пазыцыі на міжнароднай арэне. Некаторыя краіны гэтага не ўспрымаюць, ім складана ацаніць гэта справядліва. Але мы чакалі [такую кампанію]», — заявіў ён і падзякаваў прадстаўнікам у сувязях з грамадзкасьцю за іхную працу ў супрацьдзеяньні «нядобразычліўцам».
На якім тле праходзіць форум
Паводле мясцовых праваабарончых арганізацый, у азэрбайджанскіх турмах знаходзяцца ня менш за 300 палітвязьняў, у тым ліку журналісты.
Ужо пяць месяцаў у турме знаходзіцца журналіст і эканаміст Радыё Свабода Фэрыд Мэгралызадэ, якога арыштавалі 1 чэрвеня. Першапачаткова яму інкрымінавалі артыкул 206.3.2 («Групавая кантрабанда») Крымінальнага кодэксу Азэрбайджану. Пазней выставілі дадатковыя абвінавачаньні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці з атрыманьнем вялікіх прыбыткаў, а таксама ў арганізаванай групавой кантрабандзе, ухіленьні ад выплаты падаткаў, у падробліваньні дакумэнтаў і іх выкарыстаньні.
Улады Азэрбайджану заяўляюць, што ў краіне не арыштоўваюць з палітычных матываў, а толькі за злачынствы ў прафэсійнай дзейнасьці. Аднак зь лістапада мінулага году ў краіне групамі арыштавалі каля 20 журналістаў і грамадзкіх актывістаў праз абвінавачаньне ў кантрабандзе. Большасьць зь іх першапачаткова тычыліся справы «AbzasMedia işi», у рамках якой арыштавалі дырэктара сайту, яго супрацоўніка і галоўнага рэдактара. Пазьней у гэтай справе затрымалі і журналістаў. Усе яны не згаджаюцца з выстаўленымі абвінавачаньнямі і называюць свой перасьлед палітычным.
Лукашэнка і Аліеў выкарыстоўваюць падобную рыторыку
Ільхам Аліеў запрасіў Аляксандра Лукашэнку на канфэрэнцыю ў траўні 2024 году, калі той наведваў Азэрбаджан зь візытам. Тады ж Лукашэнка наведаў і тэрыторыю Нагорнага Карабаху, які перайшоў пад кантроль Азэрбайджану.
Пасьля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі ў выніку масавых акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта ў 2020 годзе, улады са сваёй ініцыятывы выйшлі з шэрагу міжнародных канвэнцый, пагадненьняў і праграм экалягічнага характару.
Летась Лукашэнка сваімі ўказамі спыніў удзел Беларусі ў дзьвюх міжнародных канвэнцыях у пытаньнях экалягічнай бясьпекі: Оргускай (аб удзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў, доступе да інфармацыі й правасудзьдзя ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя, ініцыяванай Эўрапейскай эканамічнай Камісіяй ААН) і Бэрнскай (аб ахове дзікай фаўны і флёры і прыродных біятопаў у Эўропе, падпісанай у 1979 годзе з ініцыятывы Рады Эўропы).
Што казаў Лукашэнка на падобным саміце ў Дубаі
У 2023 годзе Канфэрэнцыя ААН аб зьменах клімату праходзіла ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). У ёй таксама ўдзельнічаў Аляксандар Лукашэнка. У часе свайго выступу ён выкарыстаў экалягічную тэму пераважна дзеля таго, каб чарговы раз абрынуцца на краіны Захаду.
Асноўная ідэя ягонага выступу ў Дубаі палягала ў тым, што ўва ўсіх кліматычных праблемах вінаваты Захад. Лукашэнка заявіў, што «„зялёны“ парадак дня бессэнсоўны ўва ўмовах канфрантацыі», што трыльёны даляраў, якія маглі б быць патрачаныя на захаваньне навакольнага асяродзьдзя, выкарыстоўваюцца для вядзеньня войнаў. А заходнія краіны нібыта «разьвязалі і вядуць самую страшную вайну на плянэце» (маецца на ўвазе вайна ва Ўкраіне). Гэта ён заявіў у той час, як сам у 2022 годзе падтрымаў і працягвае дагэтуль падтрымліваць расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
Акрамя таго, паводле Лукашэнкі, да пагаршэньня клімату спрычынілася «прага да нажывы», якую дэманструе заходні капітал, «каляніяльны прыгнёт», а таксама эканамічныя санкцыі. Галоўная выснова ў тым, што за пагаршэньне клімату павінен плаціць Захад:
«80% забруджаньня на плянэце — гэта ад вядучых дзяржаваў. Давайце ў дэклярацыю, спадар старшыня, запішам не заклапочанасьць, а запатрабуем ад іх скараціць хаця б напалову выкіды ў атмасфэру. Мы гэтага ня зробім. Дык чаго сабраліся?».
Для Аляксандра Лукашэнкі, супраць якога з 2020 году ўзмацніліся міжнародныя санкцыі, такія форумы — рэдкая магчымасьць выступіць перад шырокай міжнароднай супольнасьцю, данесьці да яе пазыцыю афіцыйнага Менску.
У саміце ўпершыню ўдзельнічаюць талібы
Агенцтва AP паведаміла, што ў кліматычнай канфэрэнцыі ААН упершыню з моманту захопу ўлады ў Афганістане ў 2021 годзе будуць удзельнічаць талібы, якія ня маюць афіцыйнага міжнароднага прызнаньня ў якасьці ўладаў гэтай краіны.
Як паведамілі ў Нацыянальным агенцтве аховы навакольнага асяродзьдзя Афганістану, дэлегацыя скарыстаецца канфэрэнцыяй «для ўмацаваньня супрацы зь міжнароднай супольнасьцю ў галіне аховы навакольля і зьмены клімату, абмену патрэбамі Афганістану ў доступе да фінансавых мэханізмаў, зьвязаных са зьменамі клімату, і для абмеркаваньня захадаў для адаптацыі і зьмячэньня наступстваў».
Краіны Захаду не прызнаюць рух «Талібан» законным урадам Афганістану. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што талібам трэба прайсьці доўгі шлях, калі яны хочуць міжнароднага прызнаньня. З 1996-га па 2001 год талібы ўжо былі фактычнымі кіраўнікамі краіны і абʼяўлялі яе ісламскім эміратам. Тады іхны ўрад фармальна прызнаваўся толькі трыма дзяржавамі — Пакістанам, Саудаўскай Арабіяй і Абʼяднанымі Арабскімі Эміратамі.
Рада Бясьпекі ААН уключыла «Талібан» у сьпіс тэрарыстычных арганізацый у 2003 годзе. У 2023 годзе Расея і Казахстан заявілі аб намеры выключыць рух са сваіх сьпісаў забароненых тэрарыстычных арганізацый, а пакуль што расейскія ўлады, не прызнаючы рух афіцыйна, рэгулярна праводзяць сустрэчы з талібамі ў Маскве.
Форум