Суд у Лепелі за «экстрэмізм»
9 лістапада за «экстрэмізм» судзілі Віталя Вонсіка, паведамляе «Вясна».
Вонсік — ляснічы Красналуцкага лясніцтва Лепельскага лясгасу. Па выніках 2015 году ягонае імя занесьлі на Дошку гонару Чашніцкага раёну.
Справу Вонсіка паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») разглядала судзьдзя суду Лепельскага раёну Натальля Сушко. Вынік судовага пасяджэньня праваабаронцы высьвятляюць.
Зкстрэмісцкімі ўлады называюць матэрыялы незалежных СМІ і сацсетак, якія асьвятляюць палітычную сытуацыю ў краіне зь нявыгаднай уладам пазыцыі, прызнаньне «экстрэмісцкімі» ў Беларусі выкарыстоўваюць для апраўданьня палітычных рэпрэсій.
У Горадні пачынаюць судзіць майстра «Гроднажылбуд»
У Горадзенскім абласным судзе 11 лістапада пачалі разгляд крымінальнай справы супраць Дзьмітрыя Голуба. Яго судзяць паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»), ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Працэс вядзе судзьдзя Дзьмітры Бубенчык. Раней ён ужо ўдзельнічаў у палітычных справах.
Пра затрыманьне Голуба стала вядома 7 сакавіка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што мужчына нібы ўдзельнічаў у пасьлявыбарнай акцыі пратэсту, а таксама пакідаў абразьлівыя камэнтары пра сілавікоў і расейскіх вайскоўцаў.
Форум