Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны ЭЗ не дасягнулі кансэнсусу аб пераносе навучаньня вайскоўцаў ва Ўкраіну — Жузэп Бурэль у Кіеве


Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль і міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга аглядаюць выставу зьнішчанай расейскую тэхнікі ў Кіеве, 9 лістапада 2024 году.
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль і міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга аглядаюць выставу зьнішчанай расейскую тэхнікі ў Кіеве, 9 лістапада 2024 году.

Краіны-сябры Эўрапейскага зьвязу дагэтуль не дасягнулі кансэнсусу адносна пераносу на тэрыторыю Ўкраіны навучаньня ўкраінскіх вайскоўцаў у рамках Дапаможнай вайсковай місіі Эўразьвязу (EUMAM Ukraine).

Пра гэта паведаміў высокі прадстаўнік ЭЗ у зьнешняй палітыцы Жузэп Бурэль на сумеснай зь міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

«Аб трэніровачнай місіі на тэрыторыі Ўкраіны: так, да гэтага часу няма кансэнсусу сярод краін-членаў, каб дасягнуць гэтага рашэньня. Аднак гэта не перашкаджае таму, каб трэніровачная місія працавала далей», — сказаў Бурэль.

Адказваючы на пытаньне аб тым, што перанос місіі EUMAM мог бы быць адказам на прыцягненьне Расеяй паўночнакарэйскіх войскаў, Бурэль адзначыў, што «актыўны ўдзел сіл КНДР у ваенных апэрацыях Расеі зьяўляецца адной з самых трывожных падзей, якія адбыліся за апошнія дні, і маркерам глябалізацыі вайны».

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі таксама падкрэсьліў, што «яго задачай застаецца праца трэніровачнай місіі і павелічэньне колькасьці падрыхтаваных у яе рамках украінскіх вайскоўцаў».

«Бо я асабіста ведаю, што салдату, якога адправілі на фронт без належнай падрыхтоўкі, цяжка выжыць. Пытаньне ня ў тым, каб адправіць салдат, а каб гэта былі добра навучаныя і забясьпечаныя салдаты», — сказаў Барэль.

Высокі прадстаўнік Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль 9 лістапада прыбыў у Кіеў зь неанансаваным візытам.

ЭЗ мае намер забясьпечыць трэніроўкі для большай колькасьці ўкраінскіх вайскоўцаў, пэўную лічбу міністры абароны краін-сябраў ЭЗ павінны ўзгадніць на сустрэчы ў Брусэлі 30 лістапада, паведаміў Жузэп Бурэль. Па словах Бурэля, папярэдняй мэтай трэніровачнай місіі ЭЗ было падрыхтаваць 60 тысяч вайскоўцаў, але гэтую лічбу павялічаць.

Раней станоўча аб магчымасьці правядзеньня трэніровачнай місіі на тэрыторыі Ўкраіны выказваўся прэзыдэнт Францыі. Вялікая Брытанія і Італія выступілі супраць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG