Асуджанага на чатыры з паловай гады калёніі блогера Паўла Сьпірына абвінавачваюць у злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Суд над Паўлам пройдзе 20 лістапада ў Бабруйску.
Па падліках праваабаронцаў, у сьнежні 2024 году Павел меўся выйсьці на волю па заканчэньні тэрміну. Але па ініцыятыве адміністрацыі бабруйскай калёні № 2 супраць палітвязьня завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі). Яму могуць дадаць яшчэ адзін год зьняволеньня. Рашэньне будзе прымаць судзьдзя Дзьмітрый Сьвірыдаў.
«Вясьне» вядома, што вязьням бабруйскай калёніі «забаронена» размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з палітвязьнем караюць «суткамі» ў штрафным ізалятары.
Павел — беларускі палітычны блогер. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году пасьля выпуску новага відэароліка. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі блогер заявіў пра свой намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла яго ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі.
Павел рэзка выказваўся ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі ў сваім выступе на пасяджэньні ЦВК, якое трансьлявалася ў прамым эфіры, што магло стаць адной з прычын перасьледу. Пазьней ён стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай.
Сьпірына абвінавацілі па ч. 1арт. 130 Крымінальнага кодэксу (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці).
Падставай для крымінальных спраў Спірына сталі яго два відэа, якія ён разьмясьціў на сваім youtube-канале: фільм «Грань», які занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама відэа пад назвай «Жудасная тайна генпракурора Беларусі: карт-блянш на садызм».
Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Дзіна Кучук 5 лютага 2021 году прызначыла блогеру чатыры гады і шэсьць месяцаў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Адбываць тэрмін яго накіравалі у бабруйскую калёнію № 2. Сьпірын у калёніі працуе мыйшчыкам посуду.
Форум