Міністэрства замежных спраў Літвы 7 лістапада пацьвердзіла факт затрыманьня літоўскага грамадзяніна ў Беларусі пры спробе ўвозу боепрыпасаў у краіну. Паводле прадстаўнікоў ведамства, пра інцыдэнт паведамілі ў паліцыю, піша delfi.lt.
Затрыманы мужчына пакуль не зьвяртаўся па прававую дапамогу, паведаміла прадстаўніца міністра замежных спраў Літвы Паўліна Лявіцкітэ.
«МЗС у курсе і літоўская паліцыя апавешчаная. Грамадзянін па консульскую дапамогу не зьвяртаўся», — паведаміла Лявіцкітэ агенцтву Elta.
6 лістапада Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне грамадзяніна Літвы. У афіцыйным паведамленьні беларускай мытні сьцьвярджаецца, што літовец спрабаваў незаконна увезьці на беларускую тэрыторыю 34 баявыя патроны калібру 9 мм. Іх нібыта знайшлі сярод асабістых рэчаў мужчыны беларускія мытнікі ў пункце пропуску «Каменны Лог».
Яго затрымалі і завялі крымінальную справу паводле ч. 1 артыкулу 333-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі — за незаконнае перамяшчэньне боепрыпасаў праз мытную мяжу Эўразійскай эканамічнай супольнасьці літоўцу пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
- З 15 красавіка 2022 году для жыхароў Літвы дзейнічае бязьвізавы рэжым пры наведваньні Беларусі. Як сьцьвярджаюць у Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі, з таго дня літоўскія грамадзяне скарысталіся бязьвізам 434,8 тысячы разоў.
- Улады Літвы раней неаднаразова заклікалі сваіх грамадзян адмовіцца ад паездак у Беларусь зь меркаваньняў бясьпекі, праз імавернасьць шантажу, вэрбаваньня або затрыманьня беларускімі сілавікамі.
- З 18 жніўня Літва закрыла два з шасьці сваіх памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю: Шумск — Лоша і Цьверач — Відзы. Адпаведнае рашэньне Сейм гэтай балтыйскай дзяржавы прыняў у сувязі з магчымымі пагрозамі з боку наймітаў ПВК «Вагнэр», якія знаходзяцца на беларускай тэрыторыі.
Форум