4 сьнежня ў Акруговым судзе Варшавы пачнецца судовае паседжаньне ў справе паляка Дорыяна С., абвінавачанага ў забойстве беларускі Лізаветы ў Варшаве ў ноч на 25 лютага. У гэты дзень суд прыме рашэньне, ці будзе працэс праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Сям’я Лізаветы хоча, каб суд быў публічным, паведамляе Wyborcza.pl.
Да ўдзелу ў працэсе суд дапусьціў дзьве арганізацыі: фонд «Марцінка», створаны ўкраінкамі, якія перажылі вайну і падтрымліваюць жанчын-уцякачак у Польшчы, і фонд «Супраць культуры гвалту».
Фонд «Марцінка» займаўся арганізацыяй пахаваньня беларускі Лізаветы, праводзіў акцыі з усталяваньнем свечак на месцы яе забойства і арганізоўваў пратэсты супраць гвалту ў дачыненьні да жанчын неўзабаве пасьля жорсткага згвалтаваньня беларускі. Папярэдняе судовае паседжаньне ў справе пачалося 24 кастрычніка.
«Мы хочам быць упэўненыя, што злачынец атрымае справядлівае пакараньне. Суд запрасіў нас на паседжаньне, і мы прыехалі з Кракава. Адвакат Дорыяна С. дабіўся таго, каб нас выдалілі з залі праз 3 хвіліны. Аднак суд вырашыў дапусьціць нас да працэсу. Мы зможам задаваць пытаньні, сачыць за ходам працэсу і інфармаваць пра яго», — паведаміў фонд «Марцінка» ў сваім Інстаграме.
Неафіцыйна выданьне Wyborcza даведалася, што блізкія Лізаветы хочуць, каб суд над Дорыянам С. быў адкрытым, аднак адвакат абвінавачанага падаў хадайніцтва аб закрыцьці працэсу.
«Такое хадайніцтва абгрунтаванае, бо справа выклікае моцныя эмоцыі, і суд павінен дзейнічаць без апоры на грамадзкую думку і эмоцыі. Суд павінен мець магчымасьць прымаць рашэньні спакойна», — патлумачыў выданьню адвакат Патрык Урыча.
На думку абаронцы, разьбіральніцтва павінна праходзіць за зачыненымі дзьвярыма таксама для таго, каб «не аказваць нэгатыўнага ўплыву на грамадзтва». Ці будзе працэс закрытым, суд вырашыць 4 сьнежня.
«З аднаго боку, гэта жахлівая справа, і калі б ня сьмерць пацярпелай, я б сумняваўся, ці павінны журналісты прысутнічаць у залі і асьвятляць слуханьні», — кажа юрыст Адам Кучынскі з Фонду «Супраць культуры гвалту».
На ягоную думку, з пункту гледжаньня грамадзкасьці любы прысуд у гэтай справе будзе ўспрымацца як занадта мяккі.
«Таму, калі б грамадзкасьці дазволілі прысутнічаць на судовым працэсе, ёй было б лягчэй зразумець вырак суду. Суду было б прасьцей растлумачыць сваё рашэньне, калі б ён мог спаслацца ў сваім абгрунтаваньні на доказы, прадстаўленыя падчас разбору», — рэзюмуе Адам Кучынскі.
Паводле яго, калі б Лізавета была жывая, яе канфідэнцыйнасьць была б вышэй за ўсё, але паколькі яна памерла, адкрытасьць судовага працэсу «можа прывесьці да павышэньня даверу грамадзтва да сыстэмы правасудзьдзя».
Раней пракурор Пётар Антоні Скіба казаў, што з улікам характару справы далейшы ейны ход і наступны суд будуць закрытымі. У такіх справах у Польшчы закрытасьць аўтаматычная — у інтарэсах пацярпелых і іхных сваякоў. Першыя слуханьні ў справе прызначылі на 4 і 17 сьнежня.
Абвінавачанаму Дорыяну С. пагражае ад 15 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня. 7 жніўня стала вядома, што экспэртнае заключэньне ад псыхіятраў, псыхоляга і сэксоляга паказала: абвінавачаны прытомны і можа браць удзел у судовых пасяджэньнях.
- У ноч з 24 на 25 лютага ў цэнтры Варшавы на беларуску Лізавету напаў мужчына. Яна вярталася раніцай дадому, ён прыставіў ёй да шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе пабіў і згвалціў. Аголеную Лізавету, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю. Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы Дорыян С. Яго арыштавалі ў той жа дзень.
- Пасьля нападу Лізавета знаходзілася ў цяжкім стане ў рэанімацыйным аддзяленьні шпіталя, непрытомная, на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Нягледзячы на ўсе намаганьні дактароў, 1 сакавіка яна памерла. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
- Пра трагедыю ў сацсетках выказваліся вядомыя палітыкі, журналісты і актывісты. У сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць — пад гэтым цэтлікам людзі дзяліліся сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.
- Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У галоўных польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы шмат дзён была адной з асноўных.
Форум