5 лістапада Аляксандар Лукашэнка правёў нараду на тэму выбарчай кампаніі. У ёй удзельнічалі кіраўнікі шэрагу ведамстваў, у тым ліку і сілавых. З заяваў, якія прагучалі на нарадзе, стала зразумела, што сумневу ў зыходзе выбараў Лукашэнка ня мае, аднак прадбачыць наперадзе неназваныя пагрозы і небясьпекі.
Сьцісла
- Лукашэнка заявіў, што Беларусь чакаюць цяжкія гады. Цяжкім, паводле яго, можа быць і наступны. Гэта адно з тлумачэньняў правядзеньня датэрміновых выбараў.
- Лукашэнка казаў пра далёкія пэрспэктывы краіны, якія будзе вызначаць менавіта ён. Вынікі выбараў 2025 году не выклікаюць у яго ніякага сумневу.
- Лукашэнка паўтарыў тэзу пра невядомыя пагрозы.
- Узгадка пра праблемы ва ўсходніх вобласьцях можа быць намёкам на небясьпеку грамадзкай рэакцыі на рэгулярныя прылёты «Шахедаў».
«Эканоміка дэманструе някепскія вынікі. Але павінен вам сказаць, што наступная пяцігодка будзе няпростай. І, магчыма, нават наступны год», — заявіў Лукашэнка на нарадзе, прысьвечанай выбарам.
Прадстаўнікі ўраду і прапагандысты спрабуюць абвяргаць прагнозы незалежных эканамістаў, паводле якіх рызыкі для беларускай эканомікі множацца і могуць рэалізавацца ў даволі хуткім часе. Але выглядае, што Лукашэнка ня цалкам падзяляе аптымізм сваіх падначаленых. Зьвяртае на сябе ўвагу тэза, што няпростым можа аказацца нават наступны, 2025 год.
Гэты прагноз Лукашэнкі прынамсі часткова тлумачыць, чаму прэзыдэнцкія выбары былі абвешчаныя на паўгода раней за гранічны тэрмін, практычна на самым пачатку наступнага году. Пазьней «няпростасьць» году, праблемы ў эканоміцы маглі паўплываць на хаду выбарчай кампаніі.
На першы погляд, у жорсткай аўтарытарнай сыстэме, пры цалкам кантраляваных рытуальных выбарах стан эканомікі ня мае вялікага значэньня: ЦВК «намалюе» ўсе патрэбныя лічбы, нават калі адбудзецца эканамічны каляпс. Але так яно выглядае, калі стан эканомікі някепскі. А вось калі праблемы прыйдуць, а тым больш — наваляцца, то магчымыя розныя нечаканасьці. Дык лепш прызначыць выбары на час, калі эканамічныя цяжкасьці ня будуць на іх уплываць.
Цяпер ужо забылася, але напрыканцы 2019 году ўлада абвясьціла, што плянуе датэрмінова правесьці адны з выбараў — парлямэнцкія ці прэзыдэнцкія. Пасьля пэўных развагаў і ваганьняў вырашылі ўсё ж датэрмінова правесьці парлямэнцкія. Маўляў, калі прэзыдэнцкія правесьці ў 2020-м, дык ніякіх сюрпрызаў чакаць ня варта. Але дачакаліся.
Эканамічны стан у 2020 годзе быў, дарэчы, ня самы горшы. Але зьявіўся ковід.
Цяпер досьвед тых палітычных ростаняў канца 2019 году ўлічылі і вырашылі правесьці прэзыдэнцкія выбары як мага раней, пакуль дынаміка сытуацыі больш-менш зразумелая.
Рыторыка Лукашэнкі наконт санкцыяў мяняецца хвалямі. Адзін час ён кажа, што яны беларускай эканоміцы — як слану шрацінка, што яны ледзь не спрыяюць новым магчымасьцям. Іншым часам — што гэта ўсё ж вялікі цяжар, плойма праблем.
На сёньняшняй нарадзе ён быў у другой фазе: «Вядома, гэтыя санкцыі так ці інакш уплываюць на эканоміку. Так, мы лягістыку выбудавалі, знайшлі ў асноўным шляхі пастаўкі нашых тавараў і гэтак далей. Але кошт вырас гэтых лягістычных паставак і іншае. Таму прадпрыемствы значна былі б багацейшыя, калі б не было гэтых перашкод. Але і з гэтага будзем знаходзіць адпаведныя выхады».
Адметна, што гаварылася гэта на нарадзе, прысьвечанай выбарам. Але, фармальна кажучы, 26 студзеня ці ў другім туры выбараў на чале Беларусі тэарэтычна могуць апынуцца Алег Гайдукевіч, Вольга Чамаданава ці нават Ганна Канапацкая. Калі такое здарыцца, дык новаму прэзыдэнту і давядзецца «знаходзіць адпаведныя выхады».
Але мэлянхалічныя развагі пра тое, што беларусам давядзецца жыць пры іншым прэзыдэнце (некалі) — гэта для народу. Для вышэйшага чынавенства ўсё фармулюецца проста і ясна: 26 студзеня адбудзецца чарговая «каранацыя» той жа асобы, якая «знаходзіць адпаведныя выхады» ўжо 30 гадоў. І будзе гэта рабіць і надалей.
На мінулым тыдні, гаворачы пра сваіх канкурэнтаў на выбарах 2025 году, Лукашэнка сказаў, што яны хочуць яго «засьцерагчы ад небясьпекі».
«Вы ў небясьпецы?» — удакладніла супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканалу. На гэта Лукашэнка адказаў: «Ды не, вы не хвалюйцеся» і дадаў: «Можа, яна недзе і ёсьць, але мы яе пакуль ня выявілі».
На сёньняшняй нарадзе ён сказаў пра пляны апазыцыі: «Яны да 2030 году там рыхтуюцца, а гэты год.... Зразумела, яны могуць гаварыць адно, а прымаць іншыя меры. Яны ўжо выпрацоўваюць пляны, як ім дзейнічаць. Праўда, у асноўным градус напружаньня ствараецца за межамі краіны. Яны разабрацца там ня могуць, якую тактыку ім выпрацаваць. Думаю, падкажуць. Там жа разумных шмат навокал. І грошы на гэта дадуць».
Раней у апісаньні пагрозаў, якія паходзяць ад апазыцыі і Захаду, ён быў больш пэўны, хоць намеры, якія ім прыпісваў, гучалі часам фантастычна. Цяпер Лукашэнка прадэманстраваў абазнанасьць у дыскусіях паміж прыхільнікамі байкоту, галасаваньня супраць усіх і агітацыі за любую альтэрнатыву кшталту Гайдукевіча.
І ніводная з гэтых тактык яго асабліва не палохае. Але навідавоку перасьцярога, другі раз паўтораная, перад невядомасьцю, перад пагрозай, «якую мы яшчэ ня выявілі».
Калі гаворыцца пра траўму Лукашэнкі ад 2020 году, найчасьцей маецца на ўвазе страх паўтарэньня тагачасных падзеяў. Але якраз да супрацьдзеяньня паўтарэньню ён і дзяржапарат падрыхтаваныя. Аднак тады разьвіцьцё падзеяў аказалася для ўлады нечаканым, раптоўным, непрадбачаным.
І страх, калі ён цяпер і ёсьць, то менавіта перад гэтым — не перад літаральным паўтарэньнем, а перад чымсьці нечаканым і раптоўным.
І яшчэ адна цікавая асаблівасьць выступу Лукашэнкі на сёньняшняй нарадзе. Ён пахваліў старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Караніка, назваў вобласьць найлепшай і сказаў пра праблемы «арганізацыі ўнутры краіны» ва ўсходніх рэгіёнах.
Раней ён, здаецца, ніколі не ацэньваў сытуацыю ў краіне ў геаграфічным разрэзе. Магчыма, гэта проста параўнальная ацэнка эфэктыўнасьці працы мясцовых адміністратараў. Але ня выключана, што размова ідзе пра палітычныя праблемы, якія ўзьнікаюць перад кіраўнікамі ва ўсходніх рэгіёнах.
«Шахеды», якія не перастаюць прылятаць на тэрыторыю Беларусі, ляцяць менавіта на ўсход краіны. Турбуе гэта, зразумела, усіх беларусаў, але найбольш — тых, над кім гэтыя дроны ляцяць і каму на галовы іх абломкі падаюць. Пад выбары гэта вельмі неспрыяльны фактар, і мясцовым уладам на ўсходзе загадана супакойваць людзей, тлумачыць ім сытуацыю (хаця што тут растлумачыш), быць гатовымі апэратыўна дзейнічаць, калі чарговы «прылёт» будзе мець больш сур’ёзныя наступствы, чым дагэтуль.
Форум