Берагавая ахова Фінляндыі паведаміла, што з красавіка выяўляе пастаянныя перашкоды ў сыгналах спадарожнікавай навігацыі ў Балтыйскім моры, а ў апошнія тыдні назірала, як экіпажы танкераў падрабляюць зьвесткі пра сваё месцазнаходжаньне, каб схаваць заходы ў Расею.
На мінулым тыдні міністар унутраных спраў Фінляндыі Лулу Раньне заявіла, што, на думку афіцыйнага Хэльсынкі, за перашкодамі, выяўленымі ў сыгналах Глябальнай навігацыйнай спадарожнікавай сыстэмы (ГНСС) і Глябальнай сыстэмы пазыцыянаваньня (GPS) у Фінляндыі і ў рэгіёне Балтыйскага мора стаіць Расея.
Берагавая ахова Фінляндыі паведаміла, што перашкоды ў працы ГНСС, якія яна, пачынаючы з красавіка, усё часьцей выяўляе ў Фінскім заліве, прыводзяць да таго, што судны зьбіваюцца з курсу, у выніку чаго фінскія ўлады вымушаныя папярэджваць судны, каб яны не набліжаліся да астравоў або мелкаводзьдзя.
Фінская берагавая ахова заявіла, што перашкоды прывялі да збояў у працы сыстэмаў аўтаматычнай ідэнтыфікацыі суднаў (AIS), якія забясьпечваюць электронную навігацыю.
«У апошнія тыдні мы таксама назіралі, што прылады (AIS) наўмысна адключаліся, і такім чынам інфармацыя пра месцазнаходжаньне падмянялася ў онлайнавых сыстэмах вызначэньня месцазнаходжаньня... так што судна паказвала няправільнае месцазнаходжаньне», — сказаў агенцтву Reuters камандзір берагавой аховы Фінскага заліву Пека Нііціла.
Ён растлумачыў, што спуфінг — гэта новая зьява, якое берагавая ахова выявіла ўжо каля дзесяці разоў на розных танкерах, якія заходзяць у расейскія парты каля Санкт-Пецярбургу.
«Паводле нашай ацэнкі, гэта зьвязана з абыходам санкцыяў або пазьбяганьнем іх наступстваў, — сказаў ён. — Напрыклад, калі краіна, якая купляе расейскую нафту, ня хоча ведаць, што нафта была набытая ў Расеі, прадавец ці судна могуць выкарыстоўваць спуфінг, каб стварыць уражаньне, што судна не наведвала Расею».
Берагавая ахова ўдакладніла, што, на яе думку, Расея глушыць сыгналы, каб абараніць свае нафтавыя парты, разьмешчаныя ва ўсходняй частцы Фінскага заліву, ад магчымых удараў БПЛА.
Заходнія афіцыйныя асобы раней ужо абвінавачвалі Расею ў буйнамаштабнай кібэратацы на спадарожнікавую інтэрнэт-сетку ва Ўкраіне на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ў 2022 годзе. Апошнім часам авіякампаніі скардзіліся на павелічэньне колькасьці перашкодаў GPS.
Эстонія абвінавачвала Расею ва ўмяшаньні ў працу навігацыйных прыладаў у паветранай прасторы над краінамі Балтыі.
У красавіку кіраўнік эстонскага МЗС Маргус Цахкна заявіў у інтэрвію Financial Times, што Эстонія «лічыць тое, што адбываецца з GPS, часткай варожых дзеяньняў Расеі» і называе гэта «гібрыднымі атакамі».
Форум