«Нядаўна мне давялося перапісвацца праз пасярэднікаў з адным з высокапастаўленых чыноўнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі. Яны нас палохалі: калі вы, ня дай Божа, дапаможаце Расеі і зойдзеце ва Ўкраіну праз поўнач, калі вам там нешта яшчэ, то мы ўвядзём такія санкцыі, мы з вамі пачнем вайну. Я яму напісаў: паспрабуйце!», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на менскай міжнароднай канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы, якая пачалася 31 кастрычніка.
У той жа час Лукашэнка не ўдакладніў прозьвішча свайго імавернага суразмоўцы.
Аляксандар Лукашэнка таксама пачаў пераконваць, што мігранцкі крызіс у Эўропе нібыта стварылі самі эўрапейскія краіны.
«Мы назіраем пажаранебясьпечную сытуацыю ў Нямеччыне, Францыі, Польшчы, Малдове, Грузіі, іншых. Ды і саму Амэрыку ліхаманіць апошнія дзесяцігодзьдзі. Я баюся, што мы можам стаць сьведкамі ўнутранай грамадзянскай вайны ў ЗША. Усё да гэтага ідзе. І яны робяць гэта ўласнымі рукамі, і яшчэ прэтэндуюць наводзіць парадак у па ўсім сьвеце», — сказаў ён.
Паводле яго, да вайны ва Ўкраіне большасьць мігрантаў траплялі ў Эўропу менавіта праз украінскую тэрыторыю.
Лукашэнка сказаў, што Эўропа замест вырашэньня праблемы нібыта прызначыла вонкавага ворага.
«Навошта пабудавалі „жалезную заслону“, супраць якой змагаліся апошнія дзесяцігодзьдзі? Навошта пабудавалі загароду, якая зьнішчае ўвесь расьлінны і жывёльны сьвет, асабліва ў Белавескай пушчы?» — запытаў ён.
Аляксандар Лукашэнка назваў усе санкцыі, уведзеныя супраць яго, ягонага атачэньня і дзяржаўных прадпрыемстваў за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны, «незаконнымі».
«Незаконнымі санкцыямі абклалі паўсьвета. Нелегітымнымі абмежаваньнямі паралізавалі цэлыя галіны эканомікі. Права прыватнай уласнасьці зьнішчана, арыштоўваюць дзяржаўныя актывы і проста нахабна раскрадаюць сувэрэнныя фінансавыя рэсурсы, выбухаюць газаправоды, перакрываюць доступ да мора», — заявіў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што адзіным шляхам для завяршэньня вайны ва Ўкраіне зьяўляюцца мірныя перамовы без папярэдніх умоў, на якіх абавязкова павінна прысутнічаць Беларусь.
«Бо гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі Беларусі», — сказаў ён.
Для ўдзелу ў канфэрэнцыі прыбылі міністар замежных спраў Сырыі Басам аль-Сабаг, кіраўнікі МЗС Расеі і Вугоршчыны Сяргей Лаўроў і Пэтэр Сіярта, віцэ-прэм'ер Сэрбіі Аляксандар Вулін.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.
- Рэжым Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы на фоне абвастрэньня вайны Расеі супраць Украіны.
Форум