Сьцісла:
- Цяперашні эканамічны рост грунтуецца на вельмі хісткім падмурку — фактычна яго забясьпечвае міграцыя зь Беларусі.
- Галоўная рызыка — завышаныя заробкі моцна б’юць па фінансавым стане прадпрыемстваў.
- Ці пераходзіць Беларусь на эканоміку ваеннага часу? Не.
- Стаіць задача не дапусьціць усплёску інфляцыі і скарачэньня заробкаў.
- Прадпрыемствам паступяць загады ці «пажаданьні» не шкадаваць грошай на выплаты ў канцы году.
— Яшчэ да афіцыйнага пачатку выбарчай кампаніі Аляксандар Лукашэнка пачаў раздаваць розныя сацыяльныя даброты. Ці можа беларуская эканоміка ў сёньняшніх умовах дазволіць сабе ўсе гэтыя падарункі, «раздачу сланоў»?
— Калі паглядзець на лічбы, то некаторыя даброты ў пэўным сэнсе абгрунтаваныя эканамічна. На сёньня даходы значна вышэйшыя, чым былі перад пачаткам расейска-ўкраінскай вайны. Рост, які назіраўся апошнія 2 гады, даволі істотны.
Іншая рэч, што рост гэты грунтуецца на вельмі хісткім падмурку — фактычна яго забясьпечвае міграцыя зь Беларусі. Паводле вынікаў дасьледаваньня спажывецкіх настрояў, значная частка беларусаў кажа, што іх гатовасьць купляць тавары працяглага карыстаньня ўзрасла. Таму глеба для раздачы сацыяльных абяцанак падрыхтаваная, і яны могуць успрымацца насельніцтвам з пэўным даверам.
Аднак гэты рост адбываецца насуперак доўгатэрміновай эканамічнай лёгіцы. Бо адбываецца вымываньне чалавечага капіталу, сыход працоўных рук зь Беларусі. Гэта вельмі хісткая глеба, якая залежыць ад вайны, ад таго, што адбываецца ў расейскай эканоміцы. Любы ветрык ня ў той бок можа ўсю гэтую канструкцыю вельмі хутка паламаць.
— Паводле афіцыйных дадзеных Белстату, апошнія два месяцы адбывалася зьніжэньне заробкаў. Гэта нейкая часовая карэкцыя ці новы стабільны трэнд?
— Я б пакуль асьцярожна глядзеў на гэтыя дадзеныя за апошнія два месяцы. Ня думаю, што гэта трывалы трэнд і што заробкі перастануць расьці. З аднаго боку, відавочна, што стратэгічна рост заробкаў прыпыніцца. Але ці зьяўляюцца ўжо гэтыя два месяцы такім сыгналам — у мяне ёсьць сумневы. Хутчэй, тут натуральныя сэзонныя ваганьні.
Таксама на даходы ўплывае штучнае стрымліваньне інфляцыі. Адміністратыўнае кіраваньне цэнамі дазваляе ўладам падвышаць заробкі ў рэальным выражэньні. Галоўная рызыка — завышаныя заробкі моцна б’юць па фінансавым стане прадпрыемстваў. Па-другое — пагроза інфляцыі. Відавочна, што інфляцыя будзе «даганяць» тое, што адміністратыўна стрымлівалася.
Падсумую. Удалая для беларускай эканомікі сытуацыя апошніх двух гадоў бясконца цягнуцца ня можа, але пакуль нельга ўпэўнена казаць, што пачынаецца стагнацыя. Праўда, імавернасьць такога разьвіцьця падзеяў падвышаецца.
— Што можна сказаць пра праект бюджэту, на што варта зьвярнуць увагу? Напрыклад, павялічваюцца вайсковыя выдаткі: наколькі гэта істотна?
— Адразу адзначу, што грамадзтва зараз ня мае доступу да ўсёй інфармацыі, шмат дадзеных улады засакрэцілі апошнім часам. Можна канстатаваць, што лічбы выкананьня бюджэту за 2023 год істотна адрозьніваюцца ад прынятага закону.
Даходы бюджэту дазваляюць нарошчваць сацыяльныя выдаткі і, напрыклад, траты на абарону. Даводзіцца з пэўнай асьцярожнасьцю ставіцца да тых лічбаў, што фігуруюць у праекце бюджэту. Выглядае, што гэта спроба ўладаў разьлічваць на тое, што сытуацыя будзе такой жа спрыяльнай, што і ў 2024 годзе — і пэўныя адрозьненьні зусім не кардынальныя.
Вы пытаецеся пра вайсковыя выдаткі — яны заўсёды вагаліся ад 1 да 2 адсоткаў выдаткаў бюджэту. І цяперашняе падвышэньне не настолькі значнае, каб гаварыць пра пераход у нейкую іншую рэальнасьць. Ці пераходзіць Беларусь на эканоміку ваеннага часу? Не. Галоўная ідэя праекту бюджэту — спроба захаваць той узровень выдаткаў, які ёсьць цяпер.
— Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Кожны год у Беларусі назіраецца «эфэкт сьнежня», калі менавіта ў апошнім месяцы году найбольшыя заробкі, бо выплачваюцца розныя прэміі і бонусы.
— Гэта так. Аднак штучна напампоўваць заробкі пад выбары дадаткова ўжо няма магчымасьці, і такой патрэбы ня бачна. Хутчэй стаіць задача не дапусьціць усплёску інфляцыі і скарачэньня заробкаў. І, канечне, «эфэкт сьнежня» ўлады таксама ўлічылі. Думаю, прадпрыемствам паступяць загады ці «пажаданьні» не шкадаваць грошай на выплаты ў канцы году.
Я мяркую, што эканамічныя матывы, адчуваньне, што рост заробкаў можа хутка спыніцца і пайсьці назад, — адзін з тых чыньнікаў, якія паўплывалі на дату прызначэньня выбараў.
— У кастрычніку беларускі рубель даволі істотна зьнізіўся да даляра — бо ішоў па траекторыі ўсьлед за расейскім рублём. Ці ёсьць пагроза, што расейскі рубель будзе яшчэ больш падаць — і, адпаведна, за ім будзе падаць і беларускі?
— Так, ёсьць такая пагроза, бо існуе счэпка нашай валюты з расейскім рублём. Нацбанк можа толькі згладжваць ваганьні расейскага рубля. Тое, што будзе адбывацца з расейскім рублём (магчыма, са спазьненьнем на некалькі тыдняў), будзе адбывацца далей і зь беларускім рублём. Адзінае, што можа тут зрабіць Нацбанк Беларусі, — праводзіць больш інтэнсіўныя інтэрвэнцыі на біржы, траціць золатавалютныя рэзэрвы, каб зьмякчыць падзеньне.
Форум