У Менск прыбыў міністар замежных спраў Сырыі Басам аль-Сабаг.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, у часе свайго працоўнага візыту ён правядзе сустрэчу з міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым і возьме ўдзел у другой менскай Міжнароднай канфэрэнцыі аб эўразійскай бясьпецы.
На сустрэчы ў верасьні на палях 79-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку Рыжанкоў і Сабан абмеркавалі праекты ў аднаўленьні інфраструктуры і эканомікі Сырыі, аздараўленьне сырыйскіх дзяцей у Беларусі, а таксама ўзаемную падтрымку ў міжнародных арганізацыях і сытуацыю ў рэгіёне.
Разам супрацьдзейнічаць санкцыям заходніх краін
Пасьля сваёй сустрэчы кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Сырыі падпісалі заяву «аб шляхах і сродках супрацьдзеяньня, зьмякчэньня і пераадоленьня наступстваў аднабаковых прымушальных захадаў».
«Санкцыі — гэта ня толькі і ня столькі нейкія абмежаваньні, але гэта час новых магчымасьцяў. І гэтыя магчымасьці мы гатовыя рэалізоўваць з нашымі сябрамі з Сырыі», — сказаў Максім Рыжанкоў.
Міністар замежных спраў Сырыі Басам Сабаг адзначыў, што ў часе сустрэчы абмеркавалі «ўмяшальніцтва калектыўнага Захаду ва ўнутраныя справы незалежных дзяржаў», а таксама сытуацыю на Блізкім Усходзе.
«Мы таксама падкрэсьлілі роль Расеі і Беларусі ва ўсталяваньні міру і парадку ў Эўразіі», — дадаў кіраўнік МЗС Сырыі.
На якім самалёце прыляцеў кіраўнік МЗС Сырыі
Канал «Мотолько Помоги» паведаміў, што сырыйскі міністар прыбыў у Беларусь на самалёце Airbus A320-232 (YK-BAC) сырыйскай авіякампаніі Cham Wings Airlines, якая раней неаднаразова перавозіла мігрантаў у Беларусь.
Згодна з паведамленьнем, раней гэты ж самалёт прылятаў у Менск 18 кастрычніка; як мяркуецца, тады на ім прыяжджала група, якая рыхтавала візыт міністра замежных спраў Сырыі.
Паводле зьвестак каналу, самалёт Airbus A320-232 (YK-BAC) раней належаў Magic Air (Gambia) Company Limited і пераганяўся ў Менск з Стамбулу для продажу сырыйскай авіякампаніі.
У Менску чакаюць каля 600 удзельнікаў канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы
31 кастрычніка ў Менску адкрыецца міжнародная канфэрэнцыя ў эўразійскай бясьпецы, на якую ўлады Беларусі запрасілі каля 600 удзельнікаў. Раней у МЗС Беларусі паведамлялі, што запрашэньні накіравалі «высокапастаўленым госьцям з усёй Эўразіі, прадстаўнікам краін АБСЭ, СНД, ШАС, кіраўнікам шэрагу міжнародных арганізацый і экспэртам».
Беларусі бок раней анансаваў удзел у гэтай канфэрэнцыі міністра замежных спраў Вугоршчыны Пэтэра Сіярта, расейскага міністра Сяргея Лаўрова і сырыйскага міністра Басама аль-Сабага.
Форум