Швэцыя спыняе супрацу з Грузіяй на ўзроўні дзяржаўных органаў.
Як паведаміла выданьне Sweden Herald, міністар Швэцыі ў пытаньнях супрацы ў галіне разьвіцьця і замежнага гандлю Бэньямін Дуса ў сваім пісьмовым камэнтары паведаміў, што падзеі ў Грузіі «даўно выклікаюць трывогу», а парушэньні, пра якія паведамілі міжнародныя назіральнікі на выбарах 26 кастрычніка, гэта пацьвердзілі.
Бэньямін Дуса адзначыў, што «прарасейская кіроўная партыя „Грузінская мара“ атрымала перамогу на спрэчных парлямэнцкіх выбарах, легітымнасьць якіх ставяць пад сумнеў апазыцыя і міжнародныя назіральнікі».
Швэдзкі міністар дадаў, што «спробы перашкаджаць грамадзянскай супольнасьці выконваць сваю дэмакратычную ролю, у тым ліку пры дапамозе абмежавальнага заканадаўства, супярэчыць нормам і каштоўнасьцям Эўразьвязу».
«Таму ўрад спыняе прамое швэдзка-грузінскае супрацоўніцтва, якое ўсё яшчэ працягваецца, у тым ліку з падатковым ведамствам Грузіі», — заявіў ён.
У той жа час Бэньямін Дуса падкрэсьліў, што кантакты могуць аднавіцца ў будучыні, калі Грузія стане бліжэйшай да Эўразвязу.
Дапамога Швэцыі Грузіі складала 17 мільёнаў эўра на год.
Аб пераглядзе дачыненьняў з Грузіяй заявілі ў Канадзе
У Міністэрстве замежных спраў Канады заявілі аб пераглядзе дачыненьняў з Грузіяй у каардынацыі з партнэрамі ў G7 і ў Эўрапейскім Зьвязе.
Як адзначаецца ў заяве ведамства, у сувязі з парлямэнцкімі выбарамі «Канада перагледзіць свае дачыненьні з кіраўніцтвам Грузіі».
У той жа час у Атаве заявілі, што супраца з Грузіяй магчымая толькі пры ўмове, калі ўлады будуць паважаць дэмакратыю, правы чалавека, вяршэнства закону і «вырашаць праблему нядаўняга адкату ад дэмакратыі».
У Канадзе выказалі занепакоенасьць «шырока распаўсюджанымі» выпадкамі запалохваньня выбарнікаў, іх подкупу і іншымі парушэньнямі, пра якія паведамілі міжнародныя назіральнікі.
Прэм’ер Вугоршчыны: улады Грузіі не дазволілі ператварыць сваю краіну ва Ўкраіну
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які прыехаў у Тбілісі на наступны дзень пасьля правядзеньня выбараў, павіншаваў улады Грузіі з перамогай на выбарах.
«Хачу павіншаваць вас з тым, што ва ўмовах імкненьня да эўрапейскай інтэграцыі вы не дазволілі ператварыць вашую краіну на другую Ўкраіну. Мы вельмі цэнім вернасьць прэм’ер-міністра гэтай ідэі, і я асабіста перакананы, што да канца дзесяцігодзьдзя Грузія сапраўды будзе гатовая, у найлепшай сваёй форме, каб стаць краінай – сябрам ЭЗ. Мы зробім усё, каб вам дапамагчы», — працытавала Віктара Орбана грузінскае выданьне sovanews.tv.
«Мы ведаем, што такое вайна: яна ідзе ў суседняй краіне. Але мы таксама ведаем, што такое мір. Вугоршчына — міралюбная краіна ў Эўропе, і мы пазытыўна ацэньваем вашы спробы, бо і вы на баку міру. Ніхто ня хоча разбураць сваю краіну і ўцягваць яе ў бессэнсоўную вайну. Таму нам зразумелы выбар грузінскага народу на карысьць міру», — заявіў вугорскі прэм’ер.
Віктар Орбан падкрэсьліў, што грузінскі народ зрабіў эўрапейскі выбар, а кіроўная партыя адданая эўрапейскай інтэграцыі.
28 кастрычніка Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах Жузэп Бурэль заявіў, што ў гэтай паездцы ў Грузію Віктар Орбан не прадстаўляе Эўразьвяз.
Расейскія палітыкі заявілі аб сваёй падтрымцы Грузіі
Прадстаўнікі вышэйшай улады Расеі пакуль не адрэагавалі на вынікі выбараў у Грузіі, але асобныя расейскія дэпутаты павіншавалі грузінскія ўлады з перамогай.
Сэнатар Аляксей Пушкоў заявіў аб правале «пляну Захаду зьмяніць рэжым у Грузіі».
Паводле яго, задума заходніх краін была ў тым, каб «ператварыць Грузію ў сваю паўкалёнію».
Кіраўнік камітэту Савета фэдэрацыі ў міжнародных справах Рыгор Карасін заявіў, што новы пэрыяд ва ўнутранай палітыцы Грузіі «будзе праходзіць у прадказальным і цывілізаваным ключы».
Форум