Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што не прызнае вынікаў парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 26 кастрычніка, і што Грузія стала ахвярай «расейскай спэцапэрацыі», паведамляе грузінская служба Радыё Свабода «Эхо Кавказа».
«Новай формай гібрыднай вайны, апрабаванай на грузінскім народзе», назвала Саламэ Зурабішвілі мінулыя парлямэнцкія выбары, вынікі якіх яна лічыць татальна сфальсыфікаванымі.
«Гэта была татальная фальсыфікацыя і канфіскацыя вашых галасоў. Выкарыстоўваліся ўсе мэтады, якія мы бачылі ў розных краінах. Акрамя таго, выкарыстоўваліся сёньняшнія тэхналёгіі абяленьня фальсыфікацыі. Ніколі такога не было. Мы сталі сьведкамі і ахвярамі расейскай спэцапэрацыі, гібрыднай вайны, якая вялася супраць нашага народу, супраць нашай краіны», — заявіла Саламэ Зурабішвілі.
Прэзыдэнтка Грузіі назвала мінулае галасаваньне «расейскімі выбарамі» і абвінаваціла ўлады ў пазбаўленьні грамадзян правоў, забясьпечаных Канстытуцыяй:
«У нас адабралі інстытут выбараў, таму што пасьля гэтых выбараў вельмі складана ўявіць, якімі будуць выбары ў будучыні, калі нешта ня зьменіцца. Яны адабралі нашае канстытуцыйнае права на выбар», — заявіла Зурабішвілі.
Прэзыдэнтка Грузіі пацьвердзіла, што не прызнае вынікаў, прадстаўленых грамадзкасьці Цэнтральнай выбарчай камісіяй:
«Я не прызнаю гэтыя выбары. Гэтыя выбары ня могуць быць прызнаныя. Гэта тое ж самае, што прызнаньне ўваходжаньня сюды Расеі, падпарадкаваньня Грузіі Расеі. Я прыехала ў краіну не дзеля гэтага. Нашы продкі не для гэтага жылі, і мы гэтага ня прымем. Ніхто ня можа адабраць у Грузіі эўрапейскую будучыню», — падкрэсьліла яна.
Саламэ Зурабішвілі заклікала грузінскі народ змагацца за свой голас:
«Мы павінны ўстаць разам і заявіць, што не прызнаем гэтыя выбары, ня церпім Расею і яе ўварваньне ў Грузію ў такой форме. Мы будзем стаяць разам. Яны са мной і я зь імі. Я хацела б паклікаць вас усіх на (плошчу) Руставэлі заўтра, у 19:00, каб мы маглі разам сказаць, аб’явіць усяму сьвету, што мы не прызнаем гэтых выбараў, мы абараняем канстытуцыйнае права», — заявіла Саламэ Зурабішвілі.
- Парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Паводле зьвестак ЦВК, кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» атрымала 53,92% галасоў, чатыры кааліцыі празаходніх апазыцыйных партыяў, якія пераадолелі бар’ер у 5%, набралі сумарна 37,77%.
- Апазыцыя заявіла пра непрызнаньне вынікаў галасаваньня.
- Незалежныя назіральнікі на выбарах паведамілі пра масавыя парушэньні заканадаўства ў працэсе галасаваньня: ціск на выбарнікаў, запалохваньне, факты фізычнага гвалту, ужываньне адміністрацыйнага рэсурсу і інш.
- Грузія мае статус кандыдата ў Эўразьвяз, аднак пасьля прыняцьця ў краіне так званага закону аб «іншаземных агентах» Эўразьвяз прыпыніў працэс інтэграцыі Грузіі і фінансавую дапамогу ўраду.
- Грузія стала адной з краін, куды выяжджаюць беларусы, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў.
Форум