Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмію Сахарава прысудзілі лідэрам вэнэсуэльскай апазыцыі


Эдмунда Гансалес Урутыя і Марыя Карына Мачада
Эдмунда Гансалес Урутыя і Марыя Карына Мачада

Прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава — галоўную ўзнагароду Эўразьвязу ў галіне правоў чалавека — сёлета прысудзілі апазыцыйнаму палітыку Марыі Карыне Мачада і былому кандыдату ў прэзыдэнты Вэнэсуэлы Эдмунда Гансалесу Урутыя.

Пра гэта гаворыцца на сайце Эўрапейскага парлямэнту.

Марыя Карына Мачада выйграла першасныя выбары ў Вэнэсуэле ў 2023 годзе і была вылучаная кандыдаткай у прэзыдэнты ад апазыцыйнай «Плятформы дэмакратычнага адзінства», аднак улады зьнялі яе з выбарчай гонкі. Пасьля гэтага кандыдатам у прэзыдэнты стаў Эдмунда Гансалес.

Дзейны прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура абвясьціў пра сваю перамогу на выбарах, аднак іх вынікі былі аспрэчаныя незалежнымі назіральнікамі, у тым ліку ААН.

Эўрапейскі парлямэнт прызнаў Эдмунда Гансалеса законным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы ў рэзалюцыі, прынятай у верасьні 2024 году.

На фоне пратэстаў і палітычных рэпрэсіяў Мачада мусіла хавацца, а на пачатку верасьня суд у Вэнэсуэле выдаў ордэр на арышт Гансалеса. Ён пераехаў у Гішпанію, дзе атрымаў прытулак.

«Эдмунда і Марыя працягваюць змагацца за справядлівую, свабодную, мірную перадачу ўлады і бясстрашна адстойваюць тыя каштоўнасьці, якія так дарагія мільёнам вэнэсуэльцаў: справядлівасьць, дэмакратыя і вяршэнства закону. Эўрапарлямэнт падтрымлівае народ Вэнэсуэлы, Марыю і Эдмунда ў іх барацьбе за дэмакратыю. Гэта ўзнагарода для іх», — заявіла старшыня Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала, абвяшчаючы ляўрэатаў прэміі.

У 2023 годзе прэмію Сахарава прысудзілі загінулай у Іране 22-гадовай Махсе Аміні і іранскаму пратэставаму руху «Жанчыны, жыцьцё, свабода», а ў 2022 годзе — «адважнаму народу Ўкраіны, які прадстаўлены яго прэзыдэнтам, абранымі лідэрамі і грамадзянскай супольнасьцю».

Прэмія Сахарава была зацьверджаная Эўрапейскім парлямэнтам у 1988 годзе і ўручаецца асобам, якія «зрабілі выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары». Яна названая ў гонар савецкага праваабаронцы і дысыдэнта Андрэя Сахарава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG