Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэрку беларускіх фігурыстаў не пусьцілі ў Расею, прычына — у яе грамадзянстве


Трэнэрку беларускіх фігурыстаў Тацяну Бяляеву не ўпусьцілі на тэрыторыю Расеі. Гэта адбылося ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева, куды каманда прыбыла зь Менску для перасадкі на рэйс у Магнітагорск, паведамляе выданьне «Спорт-экспрэс».

Бяляева трэніруе беларускі юніёрскі танцавальны дуэт Вікторыі Пласконнай і Ўладзіслава Сыціка. У Магнітагорску будзе праходзіць «Гран-пры Расеі» па фігурным катаньні.

У публікацыі адзначаецца, што трэнэрка — грамадзянка Ўкраіны. Бяляева пераехала ў Беларусь з Адэсы ў 2005 годзе. У 2023 годзе яе пусьцілі на спаборніцтвы ў Расеі «пасьля доўгіх праверак у аэрапорце».

«Я ведала, што грамадзяне Ўкраіны доўга праходзяць расейскую мяжу, летась я правяла 12 гадзінаў у Шарамецьеве. Мы да такога былі гатовыя, вырашылі на тры дні паляцець у Балашыху да расейскіх трэнэраў Дзяніса Самохіна і Марыі Баравіковай, у іх цудоўная каманда. Каб гэтыя адмыслоўцы паглядзелі хлопчыкаў і дзяўчатак напярэдадні спаборніцтваў, у спакойным рэжыме перажыць чаканы ў дарозе стрэс — і далей на Ўрал. Хлопцы і дзяўчаты прайшлі мяжу, паехалі ў гатэль засяляцца. А мяне сёлета ўвогуле не прапусьцілі!» — расказала Бяляева.

Паводле трэнэркі, яе пратрымалі сем гадзінаў у аэрапорце і выдалі паперу аб «выдварэньні» з тэрыторыі Расеі.

«Мне было сказана, што да заканчэньня СВА (так у Расеі называюць вайну супраць Украіны. — РС) нават не спрабуйце ўяжджаць у Расею. Я перажыву, але спартоўцы ў гэтай сытуацыі пакутуюць больш за ўсё, а ў іх цяпер і так складаны пэрыяд», — сказала трэнэрка.

Грамадзяне Ўкраіны, старэйшыя за 14 гадоў, якія жадаюць трапіць у Расею праз тэрыторыю трэціх краін, могуць гэта зрабіць толькі праз маскоўскі аэрапорт Шарамецьева. Адпаведнае распараджэньне ўрад Расеі прыняў год таму. Згодна з дакумэнтам, у аэрапорце украінцаў чакае праверка дакумэнтаў, анкета, гутарка і іншыя праверкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG