Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны другі паляк падтрымлівае прыпыненьне права на прытулак для мігрантаў — апытаньне


Беларуска-польская мяжа
Беларуска-польская мяжа

49,4% жыхароў Польшчы падтрымлівае ўзмацненьне жорсткасьці міграцыйнай палітыкі, прапанаванае прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам. Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага агенцтвам SW Research для выданьня Rzeczpospolita.

Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Падчас апытаньня супраць новаўвядзеньняў выступілі 24,1% рэспандэнтаў, 26,6% устрымаліся ад адказу.

«Падтрымка абмежаваньня права на прытулак павялічваецца з узростам рэспандэнтаў і іх даходам», — адзначаюць сацыёлягі.

Дасьледаваньне праводзілася ў сярэдзіне кастрычніка 2024 году, было апытана 800 чалавек.

15 кастрычніка Туск паведаміў, што ў Польшчы прынятая комплексная міграцыйная стратэгія «Вярнуць сабе кантроль. Забясьпечыць бясьпеку». Раней ён заяўляў, што гэтая стратэгія прадугледжвае «часовае тэрытарыяльнае прыпыненьне права на прытулак».

16 кастрычніка ў інтэрвію Gazeta Wyborcza Туск выказаў меркаваньне, што права на прытулак павіннае давацца толькі тым людзям, якія «сапраўды зазнаюць перасьлед у сваёй краіне і вяртаньне туды пагражае іх жыцьцю».

Журналіст пры гэтым прывёў сьведчаньне сваёй «сяброўкі зь Беларусі», якая падала прашэньне аб атрыманьні ў Польшчы міжнароднай абароны — і цяпер, у сьвятле заяваў прэм’ера аб узмацненьні жорсткасьці міграцыйнай палітыкі, асьцерагаецца дэпартацыі.

«Калі яна падала заяву аб наданьні прытулку, яна будзе разгледжаная», — адказаў прэм’ер-міністар.

У той жа дзень, рэагуючы на крытыку з боку прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, Туск падкрэсьліў, што «не было ніводнага выпадку, каб беларускі апазыцыянэр спрабаваў нелегальна перасекчы польска-беларускую мяжу ў складзе групаў, арганізаваных Лукашэнкам».

Рашэньні ўраду накіраваныя ня толькі на абарону мяжы зь Беларусьсю, але і на прадухіленьне гібелі людзей, як мігрантаў, так і польскіх салдатаў і памежнікаў, сьцьвярджае Туск.

18 кастрычніка Эўрапейская рада выказала салідарнасьць з Польшчай у пытаньні атрыманьня прытулку.

Пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі Польшча стала адной з ключавых краінаў, у якія шмат беларусаў уцякалі ад рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG