Гэта прадугледжана праектам зьменаў у Падатковы кодэкс, паведамляе партал «Люстэрка».
Як зьбіраюцца зьмяніць падаткі на сабак?
Гэты падатак прапануецца павялічыць да 13 рублёў (цяпер — 11,9 рублёў). Пры гэтым за патэнцыйна небясьпечныя пароды сабак плянуюць падвысіць падатак да 63 рублёў (цяпер — 59,6 рубля).
Каго плянуюць вызваліць ад гэтага збору?
Улады жадаюць адмяніць падатак на сабак для людзей з інваліднасьцю I і II групы. А калі ў людзей з інваліднасьцю ёсьць сабака-павадыр, то збор маюць намер не браць незалежна ад групы.
Таксама ўлады прапануюць адмяніць падатак з першага сабакі для пэнсыянэраў, людзей з інваліднасьцю ІІІ групы, шматдзетных і сем’яў зь дзіцем з інваліднасьцю. Гэта значыць, за другую і наступных жывёлаў гэтым катэгорыям насельніцтва трэба плаціць гэты збор. Ад падатку на аднаго сабаку таксама жадаюць вызваліць тых, хто жыве ў сваім доме.
Якія пароды лічацца патэнцыйна небясьпечнымі?
Сярод іншага гэта акбаш, бардоскі дог, бульмастыф, бультэр’ер, кангал, аўчаркі (да прыкладу, каўказкая, грэцкая, нямецкая, румынская), рызеншнаўцэр, ратвэйлер, чорны тэр’ер, шарпей.
Паглядзець поўны сьпіс патэнцыйна небясьпечных парод можна на сайце Міністэрства па падатках і зборах.
Хто зараз павінен плаціць гэты падатак?
Гэты збор павінны ўносіць тыя, чыім сабакам больш за тры месяцы. Яго трэба аплачваць адзін раз на тры месяцы. Каб плаціць падатак за сабаку, яго трэба зарэгістраваць. Гэта можна зрабіць у службе «адно вакно» раённых і гарадзкіх выканкамаў, у сталіцы — адміністрацыяў раёнаў. Рахунак за ўтрыманьне сабака выстаўляюць у жыроўках на аплату камунальных паслуг.
Як могуць пакараць уладальнікаў сабак?
За нявыплату падатку за валоданьне сабакам, як і любога іншага падатку, могуць выпісаць штраф — да 15 базавых велічынь, або 600 рублёў, калі не зарэгістраваць гадаванца і не ўнесьці збор.
Форум