Праваабаронцы «Вясны» падрыхтавалі справаздачу па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на канец верасьня 2024 году.
Асноўнае пра рэпрэсіі ў Беларусі (на канец верасьня), паводле зьвестак праваабаронцаў:
- Зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі ў Беларусі 3 531 чалавек, зь іх 627 жанчын. Рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць большай.
- На канец верасьня ў Беларусі ў месцах няволі знаходзіліся 1 317 палітвязьняў, за месяц праваабарончая супольнасьць прызнала такімі яшчэ 46 чалавек.
- Праваабаронцам вядома пра 2 214 былых палітвязьняў, якія цалкам адбылі пазбаўленьне і абмежаваньне волі (1 230 чалавек), вызваленыя ў выніку адмены або зьмены меры стрыманьня, амністыі або памілаваньня, або памерлі ў зьняволеньні.
- Праваабаронцам вядома пра сама меней 5 947 асуджаных па палітычных матывах у Беларусі — як да пазбаўленьня волі, так і да іншых відаў пакараньня. Правабаронцы падкрэсьліваюць, што іх рэальная колькасьць большая, бо ўлады старанна хаваюць сапраўдны маштаб палітычнага перасьледу.
- У верасьні 2024 году «Вясна» атрымала інфармацыю пра прынамсі 429 выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, зь іх — ня менш за 176 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.
- Вядома пра 115 палітвязьняў, вызваленых у парадку памілаваньня ў 2024 годзе. Таксама Лукашэнка памілаваў немца Рыка Крыгера, якога асудзілі да сьмяротнага пакараньня; яшчэ пяць палітвязьняў-украінцаў вызвалілі ў парадку абмену з удзелам уладаў Расеі.
- На палітвязьняў працягваюць ціснуць, у тым ліку актыўна выкарыстоўваючы падаўжэньне тэрміну зьняволеньня з дапамогай абвінавачваньняў у злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі (арт. 411 Крымінальнага кодэксу). Па стане на 11 верасьня мінімум 86 палітвязьняў перавялі на турэмны рэжым і на яшчэ 51 завялі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК. Сама меней 137 палітвязьням пагоршылі ўмовы ўтрыманьня за парушэньне ўнутранага распарадку калёніі.
- Некаторыя палітвязьні па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада: Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Ігар Лосік, Уладзімір Кніга з лютага-сакавіка 2023 году пазбаўленыя кантактаў са зьнешнім сьветам, у тым ліку ўнутры калёній. Паступаюць зьвесткі пра пэрыядычную ізаляцыю іншых палітвязьняў.
- Праваабаронцы рэгулярна выяўляюць і дакумэнтуюць факты ўжываньня катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня падчас расьсьледаваньня палітычна матываваных крымінальных спраў і адміністрацыйных працэсаў, а таксама перасьледу і пазбаўленьня волі па палітычных матывах; пазбаўленьня вязьняў належнага ўзроўню мэдыцынскай дапамогі.
- З 21 верасьня 2021 году ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» 239 аб’яднаньняў, суполак і інш.; у пераліку «грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці» ўжо 4 476 чалавек. Таксама ўлады рэгулярна папаўняюць сьпіс «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
- Працягваюцца затрыманьні беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы. Паводле зьвестак «Вясны», з пачатку 2024 году па вяртаньні ў Беларусь затрымалі сама меней 55 чалавек, на 17 зь іх завялі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасьць поўных зьвестак у праваабаронцаў.
- Пачынаючы з пост выбарнага пэрыяду 2020 году ўлады ліквідавалі сама меней 1 777 некамэрцыйных арганізацый (грамадзкіх аб’яднаньняў, прафэсійных саюзаў, палітычных партый, фондаў, недзяржаўных установаў, асацыяцый, рэлігійных арганізацый).
- Па стане на 30 верасьня ў Беларусі пазбаўленыя волі 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
Справаздачу праваабаронцаў цалкам можна пачытаць па спасылцы.
Форум