За апошнія гады рэжым Лукашэнкі зрабіў вельмі шмат для таго, каб сьвет меней ведаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі, а людзі ў самой краіне адчувалі сябе самотнымі і кінутымі. Зусім не абавязкова будаваць сапраўдныя муры ўздоўж усёй мяжы ці забараняць людзям выяжджаць з краіны — дастаткова стварыць прапагандысцкі кокан ці хоць бы пустэчу на тым месцы, дзе павінна была б быць своечасовая і праўдзівая інфармацыя.
Мы, журналісткі і журналісты, якія жывуць не ў Беларусі, вымушаныя прадстаўляцца «звычайнымі людзьмі», калі тэлефануем чыноўнікам і чыноўніцам. З намі адмаўляюцца размаўляць тыя, хто застаецца ў краіне, бо любыя кантакты зь незалежнай прэсай крыміналізаваныя, і людзям страшна рабіць гэта нават ананімна. Ды што ўжо там, нам самім страшна зь імі размаўляць, бо вельмі ня хочацца падстаўляць чалавека. Здаецца, яно таго ня варта.
Стаўкі ў Беларусі вырасьлі настолькі, што мы — тыя, хто заўжды змагаўся за свабоду слова ў любых умовах, — займаемся самацэнзурай. І рэч жа ня ў тым, што мы больш ня верым у важнасьць інфармацыі, — я дык дакладна па-ранейшаму ў яе веру. Рэч у тым, што нам даводзіцца выбіраць паміж злом абстрактным і лёсам вельмі канкрэтных людзей. У доўгатэрміновай пэрспэктыве, безумоўна, важна апублічваць усё. Але ў сытуацыі, калі апублічваньне ставіць пад пагрозу канкрэтных людзей, нам даводзіцца рабіць вельмі непрыемны выбар.
Вядома ж, гэтая праблема існавала і раней, але маштабы былі ўсё ж зусім іншыя. Цяпер мы «думаем Беларусь», як сьляпыя кацяняты, і наўрад ці можам рабіць гэта лепей.
Але ладна мы — мы прыстасоўваемся і вучымся чытаць між радкоў. Сапраўдная катастрофа адбываецца за кратамі, дзе некаторыя людзі ўжо больш за год жывуць у рэжыме інкамунікада. Гэта катаваньне, але няма цяпер аніводнай сілы, якая б і магла, і хацела яго спыніць.
Доступ да інфармацыі цяпер разглядаецца не як базавая патрэба, а як самая сапраўдная раскоша. Ведаць, ці жывыя родныя, ці не памёр сабака, як зьмяніліся цэны, каму далі Нобэлеўскую прэмію міру ў гэтым годзе. І калі без апошняй навіны можна пражыць, дык ведаць адказы на першыя тры важна ня толькі каб зьняць невыносную трывогу, але і каб хоць трошкі адчуць сябе прывязаным да часу.
Катаваць адсутнасьцю інфармацыі вельмі проста — у чалавека паціху губляецца арыентацыя ў часе, ёй ці яму ўсё цяжэй ацэньваць (не)адэкватнасьць уласнага мысьленьня, бо яго быццам няма з чым параўнаць. У рэжыме інкамунікада людзі фактычна пазбаўленыя камунікацыі і, адпаведна, магчымасьці сачыць за чужымі думкамі. У такіх умовах можа губляцца ня толькі здольнасьць ацэньваць сваю адэкватнасьць, але і здольнасьць размаўляць.
І колькі яшчэ гэта будзе цягнуцца, невядома. Але вельмі хочацца парадавацца за тых людзей, каму гэта ўсё гучыць дзіка і нерэальна. Вось бы і для нас нарэшце зьвесткі пра катаваньні былі нечым фантастычным, а не паўсядзённымі навінамі. І каб мы маглі нарэшце вольна дзяліцца інфармацыяй.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум