Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Краснадарскім краі і Цьвярской вобласьці Расеі пасьля атакі дронаў гараць склады боепрыпасаў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Бесьпілётнікі ў ноч на 21 верасьня атакавалі, як мяркуецца, склады боепрыпасаў у Краснадарскім краі і Цьвярской вобласьці Расеі.

Як паведаміў кіраўнік Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў, у ноч на 21 верасьня два дроны ў Ціхарэцкім раёне былі «прыгнечаныя сіламі СПА і РЭБ». Губэрнатар не ўдакладняе месца, якое трапіла пад атаку дронаў, але паведамляе, што з прычыны падзеньня абломкаў аднаго зь іх пачаўся пажар, які «перайшоў на выбухованебясьпечныя прадметы». Пачалася дэтанацыя. Пажарныя і спэцслужбы працуюць на месцы здарэньня.

Паводле зьвестак Astra, пажар і выбухі адбыліся на складзе боепрыпасаў у пасёлку Каменны Ціхарэцкага раёну Краснадарскага краю.

Цяпер у мэтах бясьпекі праводзяць часовую эвакуацыю жыхароў пасёлка, які знаходзіцца побач зь месцам узгараньня, у найбліжэйшыя населеныя пункты, паведамляе Кандрацьеў. У Ціхарэцку разгарнулі пункт часовага разьмяшчэньня.

Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых сярод жыхароў раёну няма, адзначыў чыноўнік.

Акрамя гэтага, паводле зьвестак Astra, уначы пад удар бесьпілётнікаў таксама трапіў склад боепрыпасаў у Цьвярской вобласьці — у пасёлку Акцябрскі. Ён знаходзіцца непадалёк ад Таропца, дзе ў ноч на 18 верасьня дроны таксама атакавалі склад боепрыпасаў. Мясцовыя жыхары паведамляюць пра магутныя выбухі, тэлеграм-каналы публікуюць відэа.

Зьвесткі Astra ускосна пацьвярджаюць спадарожнікавыя здымкі NASA, на якіх відаць пажар у пасёлку Акцябрскі. Маніторынгавая група тэлеграм-каналу «Крымский ветер» па выніках аналізу спадарожнікавых здымкаў таксама фіксуе магутны пажар на 23 арсэнале ГРАУ каля пасёлка Кастрычніцкі ў Цьвярской вобласьці.

Урад Цьвярской вобласьці паведаміў пра зьнішчэньне двух дронаў над тэрыторыяй вобласьці, іншых падрабязнасьцяў не прыводзіцца.

Расейскае агенцтва РІА «Новости» са спасылкай на мясцовую чыгунку паведамляе пра «эвакуацыю пасажыраў і пэрсаналу вакзала з прычыны інцыдэнту ў раёне чыгуначнай станцыі Старая Таропа ў Цьвярской вобласьці, пацярпелых і пашкоджаньняў інфраструктуры, папярэдне, няма».

Мінабароны Расеі заявіла, што агулам уначы сілы СПА перахапілі і знішчылі 101 украінскі дрон над расейскімі рэгіёнамі, зь іх 53 дроны — над тэрыторыяй Бранскай вобласьці, 18 — над тэрыторыяй Краснадарскага краю, 5 — над тэрыторыяй Калускай вобласьці, па 3 дроны над тэрыторыямі Цьвярской і Белгародзкай абласьцей, па адным над тэрыторыямі Смаленскай, Курскай абласьцей і акупаванага Расеяй Крыму, 16 бесьпілётнікаў — над акваторыяй Азоўскага мора.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG