Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Raiffeisen Bank International канчаткова пакідае беларускі рынак. Яго акцыі ў «Прыёрбанку» купіла кампанія з ААЭ


Raiffeisen Bank International ў Вене (Аўстрыя). Ілюстрацыйнае фота
Raiffeisen Bank International ў Вене (Аўстрыя). Ілюстрацыйнае фота

Летась Raiffeisen спыніў карэспандэнцкія адносіны з усімі банкамі ў беларускай юрысдыкцыі.

Raiffeisen Bank International і беларускі «Прыёрбанк» паведамілі аб апэрацыі продажу 87,74% акцый гэтай банкаўскай установы кампаніі Soven 1 Holding, зарэгістраванай у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Як адзначаецца на афіцыйных сайтах кампаній, такім чынам Soven 1 Holding Limited выкупіў увесь аб’ём акцый «Прыёрбанку», якімі валодала група Raiffeisen Bank.

«Я рады абвясьціць аб набыцьці „Прыёрбанку“ — банку з моцнымі пазыцыямі на беларускім рынку, выключным кіраўніцтвам, адданымі супрацоўнікамі і арыентацыяй на сваіх кліентаў. „Прыёрбанк“ дэманструе высокія вынікі, і я і мая каманда спадзяёмся дапамагчы банку і ягонаму кіраўніцтву ў дасягненьні яшчэ большых посьпехаў у будучыні», — паведаміў кіраўнік праўленьня Soven 1 Holding Сугаіль аль-Атайба.

Паводле яго, «Прыёрбанк» захавае магчымасьць пашыраць сваю прысутнасьць у Беларусі і за яе межамі.

У Raiffeisen Bank International (RBI) паведамілі, што апэрацыя продажу акцый беларускага банку завяршае перамовы, якія пачалі сёлета 14 лютага. Аднак гэтую ўгоду яшчэ мусяць пацьвердзіць адпаведныя органы, пасьля чаго яна будзе пасьпяхова закрытая ў чацьвёртым квартале 2024 году.

Адзначаецца, што продаж акцый беларускага «Прыёрбанку» нэгатыўна паўлывае на кансалідаваны прыбытак Raiffeisen Bank. Памер такога адмоўнага ўплыву можа дасягнуць 300 мільёнаў эўра, што ў асноўным вынікае з розьніцы паміж коштам пакупкі і балянсавым коштам капіталу ААТ «Прыёрбанк».

«Пасьля закрыцьця чакаецца дадатковы нэгатыўны эфэкт ад гэтай угоды ў памеры прыкладна 500 мільёнаў эўра — без уплыву на нарматыўны капітал і каэфіцыент капіталу RBI Group. Гэта зьвязана зь пераклясыфікацыяй пераважна гістарычных курсавых страт, якія ў цяперашні час прызнаюцца ў іншым сукупным прыбытку. Пасьля завяршэньня гэтай угоды RBI пасьпяхова выйдзе зь беларускага рынку і, такім чынам, зьнізіць складанасьць апэрацый у адпаведнасьці са сваёй стратэгіяй зніжэньня рызык ва Ўсходняй Эўропе. Пры новым уладальніку ААТ „Прыёрбанк“ будзе працаваць цалкам самастойна», — адзначаецца ў паведамленьні.

«Прыёрбанк» у Беларусі ўваходзіць у лік сыстэмна значных банкаў — найбуйнейшых крэдытных арганізацый краіны, устойлівасьць фінансавага стану якіх уплывае на банкаўскую сыстэму ў цэлым.

  • У справаздачы за 2023 год групы кампаній RBI паведамлялася, што яе актывы ў Беларусі ўпалі на 9,1% — яны крыху не дацягваюць да 2,5 млрд эўра.
  • Летась у Беларусі закрылі шэраг офісаў «Прыёрбанку».
  • У красавіку 2023 году паведамлялі, што «Прыёрбанк» можа перайсьці пад крыло расейскага «Сбербанку». Як сьцьвярджалі СМІ, RBI абмяркоўвала магчымы абмен сваёй даччынай крэдытнай арганізацыі «Райффайзенбанк» у РФ на эўрапейскія актывы расейскага банку. Пазьней у «Прыёрбанку» заявілі, што ніякіх камунікацый з Raiffeisen Bank International наконт гэтага ў беларускага банку не было.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG