18 верасьня каля офіса маркетплэйса Wildberries у Маскве адбылася страляніна. Паводле апошніх зьвестак, у страляніне загінуў адзін чалавек і двое атрымалі раненьні, піша расейскае агенцтва ТАСС.
«Некалькі чалавек затрымалі. Сярод пацярпелых ёсьць паліцыянты», — удакладняе агенцтва.
Пры гэтым тэлеграм-канал Shot сьцьвярджае, што пацярпелых сямёра, сярод іх трое паліцыянтаў, а таксама што на гэты момант затрымалі 9 чалавек.
У прэс-службе кампаніі заявілі, што муж заснавальніцы Wildberries Тацяны Бакальчук Уладзіслаў разам з аховай паспрабаваў трапіць у офіс арганізацыі. Там назвалі тое, што адбылося, «спробай незаконнага пранікненьня», піша расейская служба Радыё Свабода.
Уладзіслаў Бакальчук заявіў пра «маштабную правакацыю» — ён сьцьвярджае, што прыехаў у офіс кампаніі на чарговы раўнд перамоваў з нагоды прыпыненьня фінансаваньня будаўніцтва новых складоў Wildberries.
«Я прыехаў у офіс кампаніі са сваімі калегамі, аднак ужо на ўваходзе быў атакаваны службай аховы і невядомымі мне людзьмі, якія справакавалі ўзброены канфлікт. У нейкі момант падчас канфлікту прагучалі стрэлы, паранены адзін з маіх калег», — заявіў Бакальчук.
Тацяна Бакальчук заявіла, што група людзей пад кіраўніцтвам Уладзіслава Бакальчука, Сяргея Ануфрыева і Ўладзіміра Бакіна паспрабавалі захапіць офісы Wildberries у Маскве.
«Заява пра нібыта перамовы, на якія прыехала ўзброеная група, гучыць абсурдна, бо ніхто ні пра якія перамовы не дамаўляўся», — напісала Бакальчук у Telegram.
Форум