Чаму Вольга Гарбунова падала ў адстаўку з пасады прадстаўніцы ў сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага кабінэту? Чаму былая палітзьняволеная ня хоча больш быць палітыкам і што зьбіраецца рабіць далей? Пра гэта ў эфіры «ПіКу Свабоды» расказвае былая прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага кабінэту, былая палітзьняволеная Вольга Гарбунова, якая больш за 20 гадоў дапамагала абараняць правы ўразьлівых сацыяльных груп, у тым ліку жанчын і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.
Глядзіце размову на відэа цалкам:
Тут фрагмэнты гутаркі
Сьцісла
- Я думаю, што мы пераасэнсуем празь некаторы час, чаму голас палітвязьняў і іх родных не такі гучны, як голас тых людзей, якія пасьпелі ўцячы зь Беларусі яшчэ ў 2020 годзе.
- Інтарэсы афіцыйнага Менску зразумелыя і вядомыя — пытаньні санкцый, ізаляцыі. Рэжым даўно кажа, што хоча перагарнуць старонку, і ў гэтым яны не крывадушнічаюць.
- Я лічу, што памілаваньне — гэта імкненьне да гуманнасьці, гэта спроба выкарыстаць інструмэнты, якія могуць дапамагчы людзям выйсьці, а не паміраць у калёніях.
«Я падала ў адстаўку 2 жніўня»
— Вольга, як вы? Стала лягчэй ці цяжэй пасьля таго, як адстаўку апублічылі?
— Быў стрэс, пачуцьцё няпэўнасьці і вялікі страх, што я прымаю такое рашэньне і не магу ацаніць яго рэальныя наступствы, ці будуць яны суадносіцца з маімі плянамі, ці, можа, гэта памылка. Ёсьць сум, безумоўна, ёсьць удзячнасьць да ўжо былых калегаў, іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. І крыху пачуцьцё палёгкі, бо гэта зацягнулася. Я хацела, каб у кабінэту была магчымасьць падрыхтавацца, знайсьці замену. Калі раней я прыняла рашэньне сыйсьці з кіраўніцтва «Радзіславы», я папярэдзіла каманду за два гады, што я пляную сыходзіць.
— А за колькі папярэдзілі, што сыходзіце з АПК?
— Я падала ў адстаўку 2 жніўня.
— Я хацела б працытаваць некалькі камэнтароў у сацсетках на ваш сыход.
Сьвятлана Мацкевіч, сябры Каардынацыйнай Рады:
«Гэта быў адзіны прадстаўнік АПК, перад якім я здымаю капялюш і нізка схіляюся. Яе сыход усьлед за Кавалеўскім і Сахашчыкам — гэта ўжо ня знак бяды, а поўная безнадзея, крыж на ўсім АПК пры ўсіх прыгожых словах Ціханоўскай. Калі ўсе рытуалы адкласьці ў бок, то ў аснове гэтых сыходаў, думаю, поўная і прынцыповая нязгода з палітыкай і генэральнай лініяй. Яны сыходзяць, а прызадумацца трэба ўсім нам».
Палітоляг Роза Турарбекава:
«Вольга Гарбунова выйшла з кабінэту. Мяркую, што гэта вялікая страта для дэмакратычных сіл. Гэта ня стала нечым выпадковым».
Кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак:
«Вольга Гарбунова пакідае пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Калі мы з вамі насамрэч спрабуем будаваць сапраўдную мадэль дзяржавы, то сыход чыноўнікаў з пасады — добрая практыка. Дзякуй за добрае, што было зроблена».
Вольга, чаму вы сышлі з кабінэту?
— Як у знакамітай песьні, «пакуль лібэралы мямляць, а правыя прагнуць крыві», я вырашыла адысьці ў бок пакурыць і выдыхнуць. Гэта жарт, але ў кожным жарце ёсьць доля праўды. Што да сказанага ў камэнтарах, я лічу, што стварэньне такіх структураў — гэта добрая канструктыўная спроба, і мае прыярытэты ніяк не зьмяніліся. Гэта дапамога палітзьняволеным і іх сем’ям. Я шмат казала, што трэба аддзяляць ад палітычнага трэка пытаньне вызваленьня палітвязьняў. Бо гэта вельмі важнае гуманітарнае пытаньне. Людзі сядзяць чатыры гады, людзі ў крытычным стане, у рэжыме інкамунікада. Я вырашыла, што трэба пачаць зь сябе.
«Памілаваньне — гэта важны крок, на які пайшоў афіцыйны Менск, гэта сыгнал»
— Сьвятлана Мацкевіч піша, што «ў аснове гэтага сыходу поўная, прынцыповая нязгода з палітыкай генэральнай лініі». Разумею, што вы ня ўсё можаце казаць, але тым ня менш, ці ваш сыход — гэта нязгода з генэральнай лініяй?
— Безумоўна, ёсьць шмат прычын, якія вызначалі мой сыход, і адна зь іх — гэта ідэйная, палітычная нязгода. Мне падаецца, гэта нармальна, таму што мы ўсе розныя, маем розны бэкграўнд, у нас могуць быць розныя каштоўнасьці, рознае бачаньне стратэгіі. Ненармальна заставацца ў такой сытуацыі, калі твой голас у меншасьці, і ўсё рашэньні прымаюцца шляхам галасаваньня, а пэрсанальную адказнасьць за прынятае рашэньне нясеш ты. Так мяне хапіла б ненадоўга. Гэтая гісторыя зьвязаная з тым, што ты альбо робіш спробы неяк убудавацца ў існуючы кантэкст сыстэмы, альбо выбіраеш нейкі іншы шлях, што я і выбрала. У мяне ўжо проста няма часу і сіл на пераконваньне, угаворы. Я кажу не пра калегаў па кабінэце, а кажу ў цэлым пра дэмакратычны рух, пра вельмі розных партнэраў унутры руху. Няма часу і сілаў на пераконваньне ў каштоўнасьці чалавечага жыцьця, на тое, што памілаваньне — гэта важны і слушны крок, на які пайшоў афіцыйны Менск, што гэта сыгнал.
Няма часу і сілаў на пераконваньне ў каштоўнасьці чалавечага жыцьця
Я проста зразумела, што трэба закцэнтаваць сваю дзейнасьць, свае сілы на тым, дзе будзе канструктыўнасьць, дзе будзе рух наперад, а ня спробы неяк змагацца за ўмоўную ўладу, кантроль, пазыцыю, пасады. Уступаць у канкурэнцыю — гэта дакладна не мая стратэгія. Я думаю, што мы пераасэнсуем празь некаторы час, чаму голас палітвязьняў і іх родных не такі гучны, як голас тых людзей, якія пасьпелі ўцячы зь Беларусі яшчэ ў 2020-м. Я думаю, мы шэраг цікавых момантаў зможам знайсьці для сябе.
Гэтая гераізацыя палітвязьняў прыводзіць да вельмі сумнай лёгікі: «яны гатовыя сядзець да канца, ён іх не адпусьціць, яны небясьпечныя для рэжыму, Лукашэнка недамоваздольны». Гэты ўвесь агульнапрыняты наратыў. Гэта прыводзіць да наступнага зьвяна ў гэтым ланцугу — атрымліваецца, што нам нічога ня трэба прадпрымаць.
«З апошняга слова Алеся Бяляцкага: лепей цяжкія перамовы, чым бязьлітаснае супрацьстаяньне»
— На вас чорная цішотка з надпісам. Зачытайце яго.
— Гэта з апошняга слова Алеся Бяляцкага — пра тое, што лепей цяжкія перамовы, чым бязьлітаснае супрацьстаяньне. Гэта складанае пытаньне. Мне вельмі не хапала ўвесь гэты час голасу такіх людзей. Людзей, якія ў турмах, якія выходзяць з турмаў. І голасу маральных аўтарытэтаў, некаторыя ў турмах, некаторых ужо з намі няма, як Алега Гулака, які памёр у выгнаньні, ці нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца за кратамі. Я думаю, што ў іх былі б гэтыя аргумэнты і была б гэтая сіла дапамагчы выправіць сытуацыю і папярэдзіць, магчыма, яшчэ горшыя наступствы для Беларусі. Гэта сур’ёзна непакоіць, што ў нас крызіс ідэй, крызіс людзей.
«У людзей у новай камандзе ў Менску на ўзроўні прыняцьця рашэньняў ёсьць многа пэрспэктываў і магчымасьцяў»
— Вы рабілі вельмі шмат непублічнай працы. Ці былі вы часткай каманды, якая хаця б нейкім чынам удзельнічае ў перамовах дзеля вызваленьня палітвязьняў? 115 чалавек ужо выйшлі, калі верыць таму, што ўлады кажуць.
— 115 плюс 5. Пяць беларускіх палітвязьняў з украінскім грамадзянствам былі вызваленыя ў рамках абмену ў чэрвені. Гэта цэлых 120 чалавек. Экспэрты высоўваюць шмат гіпотэз. Я не хачу спэкуляваць на гэтым, рабіць выгляд, што ў мяне ёсьць нейкая інсайдэрская інфармацыя і я была ўдзельніцай нейкіх кулюарных працэсаў. Мне падаецца, нам важна разумець, што пачаўся важны працэс. Расьцягнуты ў часе, бо былі не адзінкавыя вызваленьні, а дзясяткі, ужо за сотню. Падобна, што гэта было сыстэмнае рашэньне.
Нам важна разумець, што пачаўся важны працэс
Насамрэч, акрамя памілаваньня, у Менску ёсьць іншыя прававыя мэханізмы — умоўна-датэрміновае вызваленьне, замена пакараньня на мякчэйшае. Пэнсіянэрак, непаўналетніх можна перавесьці хаця б на хатнюю хімію і даць магчымасьць людзям захаваць здароўе, сем’і, вярнуцца да сваіх дзяцей. Мне падаецца, што тут усё гранічна зразумела. Менск агучвае свае чаканьні праз прапагандысцкія СМІ, і тут хутчэй пытаньні, як міжнародная супольнасьць адрэагуе на гэта.
— Як бы вы сфармулявалі чаканьні афіцыйнага Менску, якія ён агучвае праз прапагандысцкія СМІ?
— Апошнія заявы — рэдкія, але яны выходзяць — пра тое, што важная ўвага, удзячнасьць, «ніхто не сказаў дзякуй». Мы разумеем, што ў Менску адбываюцца працэсы, зьвязаныя з унутранымі справамі перадвыбарчымі, зьвязаныя з вонкавымі. Інтарэсы афіцыйнага Менску зразумелыя і вядомыя — пытаньні санкцый, ізаляцыі. Рэжым даўно кажа, што хоча перагарнуць старонку, і ў гэтым яны не крывадушнічаюць. Складана гаварыць пра недамоваздольнасьць, калі хаця б у аднаго баку ёсьць дакладнае разуменьне гэтага працэсу.
— Ці перакананыя вы, што рэжым хоча перагарнуць старонку?
— А якая пэрспэктыва? Мой асабісты інтарэс — вярнуцца дадому, абняць родных, саджаць дрэвы і неяк самарэалізоўвацца. Жыцьцё мне паказала, што ідэй можа быць многа. У людзей, якія цяпер у новай камандзе ў Менску, на добрым узроўні прыняцьця рашэньняў ёсьць многа пэрспэктываў і магчымасьцяў. Я мяркую, што ёсьць бачаньне, бо ёсьць адпаведны бэкграўнд.
Калесьнікава заўсёды выступала за мірныя перамовы, за дыялёг з уладамі
Што да пазыцыі міжнароднай супольнасьці, якая не вядзе перамоваў з тэрарыстамі... Мы пабачылі 1 жніўня вялікі абмен з выхадам расейскіх палітвязьняў. Гэта сыгнал для нас, што насамрэч ёсьць і захоўваецца шмат магчымасьцяў. Тут пытаньне, на якую дапамогу мы можам разьлічваць... Каго рэальна непакоіць лёс Марыі Калесьнікавай, якая важыць 45 кіляграмаў пры росьце 175 сантымэтраў, якая знаходзіцца ў абсалютнай ізаляцыі... Я не ўяўляю, як столькі часу знаходзіцца ў адзіночным зьняволеньні.
Між іншым, Калесьнікава заўсёды выступала за мірныя перамовы, за дыялёг з уладамі. Згадайце яе зьяўленьне на вуліцах Менску, калі яна была на свабодзе. А Паліна Шарэнда-Панасюк? Дзеля чаго гэтая барацьба? Яна бессэнсоўная. Проста зьнішчэньне чалавека і сям’і.
— Калі зьявілася інфармацыя пра першыя памілаваньні палітвязьняў на пачатку ліпеня, вы гаварылі пра «гуманны крок» з боку ўлады, чым выклікалі рэзкую крытыку некаторых прадстаўнікоў дэмсілаў. Вы кажаце, што рэжым хоча, каб пэўным чынам яму сказалі дзякуй за вызваленьне. Як вы думаеце, ці будзе новая прадстаўніца або прадстаўнік у сацыяльнай палітыцы мець іншы падыход да вызваленьня палітвязьняў?
— Час пакажа. Пазыцыі людзей таксама мяняюцца. Калі трапляеш у пэўныя прасторы і каманды, атрымліваеш больш інфармацыі, якая можа ўплываць на тваё бачаньне. Са мной такая трансфармацыя адбылася. Мне падаецца, важная ступень адкрытасьці, гнуткасьці і дэмакратычныя каштоўнасьці, каштоўнасьці чалавечага жыцьця.
Што тычыцца крытыкі на мой адрас. Калі ласка, прымаю, падзяляю, кожны мае права на выказваньне свайго меркаваньня. Я хацела б зьвярнуць увагу на тое, што дакладна не мужчынам, якія зьехалі ў 2020 годзе, расказваць Гарбуновай пра рэпрэсіі і катаваньні. Я разумею рэалістычнасьць гэтай сытуацыі — колькі людзей сядзіць, колькі загінула ў месцах несвабоды, многія празь неаказаньне мэдычнай дапамогі.
Інстытут памілаваньня вядомы яшчэ з дахрысьціянскай эпохі. Гэта акт дзяржаўнай міласэрнасьці, так пісалася ў старых дакумэнтах. Менск прыняў рашэньне выкарыстоўваць гэты інструмэнт незалежна ад таго, пры якіх абставінах людзі апынуліся за кратамі... Былі рэпрэсіі, рэпрэсіі, рэпрэсіі, потым такое плято, і раптам людзі пачалі выходзіць. Я лічу, што гэта імкненьне да гуманнасьці, гэта спроба выкарыстаць інструмэнты, якія могуць дапамагчы людзям выйсьці, а не паміраць у калёніях. Калі б стала пытаньне, зьвязанае з падзякай, то я праўда вельмі ўдзячная, што была абраная менавіта такая стратэгія, а не згнаіць людзей за кратамі.
«Ёсьць шмат меркаваньняў, што вызваленьня ня будзе, што гэта нерэальна, што давайце акцэнтаваць намаганьні толькі на дапамозе і рэабілітацыі»
— Вы некалькі разоў згадалі мужчынаў, якія зьехалі ў 2020 годзе, якія ня могуць вам гаварыць пра катаваньні і рэпрэсіі, бо вы гэта самі зазналі за кратамі. Што і каго вы маеце на ўвазе?
— Я ня буду называць прозьвішчы. Па-першае, іх шмат, а па-другое, можа скласьціся ўражаньне, што толькі такія людзі ёсьць у руху. Насамрэч у мяне вельмі шмат удзячнасьці да тых людзей, якія былі побач і дзяліліся экспэртызай, ідэямі, крэатывам. Але мой тэзіс усё роўна застаецца. Гэта яшчэ з шэлтару «Радзіслава». Калі ты не прайшоў праз такі досьвед, табе праўда не зразумець, што такое смурод у гэтых турмах, што такое ня мець магчымасьці атрымаць таблетку ці сустрэчу з доктарам, калі ў цябе ліхаманка, што такое разьвітвацца з жыцьцём, зь дзецьмі.
Нам трэба выканаць хаця б адно абяцаньне — усё зрабіць, каб усе палітвязьні выйшлі на свабоду
Таму ўсё лягічна. Калі б гэтае разуменьне было, то ў нас было б вельмі многа ініцыятываў па вызваленьні палітвязьняў. А пакуль у нас іх лічаныя адзінкі, некаторыя галасы маргіналізаваныя. Ёсьць вельмі шмат публічных канфліктаў. Ёсьць шмат меркаваньняў, што вызваленьня ня будзе, што гэта нерэальна, давайце акцэнтаваць нашы намаганьні толькі на дапамозе і рэабілітацыі. Гэта важныя кірункі, але адно другога не адмяняе.
Гэта адно з двух абяцаньняў, якія былі дадзеныя ў 2020 годзе беларускаму народу. З другім відавочныя складанасьці, я кажу пра транзыт улады, але нам трэба выканаць хаця б адно абяцаньне — усё зрабіць, каб усе палітвязьні выйшлі на свабоду.
**
Вольга Гарбунова была прадстаўніцай у сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту са сьнежня 2022 году. Сярод найважнейшых яе дасягненьняў — правядзеньне онлайн-маратону салідарнасьці з палітзьняволенымі «Нам ня ўсё адно!» і запуск службы сацыяльнай дапамогі беларусам і беларускам «Адно вакно». З ініцыятывы прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы АПК на беларускую мову пераклалі дапаможнік па вызваленьні палітзьняволеных.
Дзярждэпартамэнт ЗША ўзнагародзіў Гарбунову Міжнароднай прэміяй за адвагу — International Women of Courage (IWOC) Award — як праваабаронцу, «якая прысьвяціла сваё жыцьцё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных групаў у Беларусі». Вольга Гарбунова — заснавальніца прытулку для жанчын і іх дзяцей, што пацярпелі ад хатняга гвалту, былая кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня «Радзіслава», ліквідаванага ўладамі ў 2021 годзе. Больш за 10 гадоў вучыла прадстаўнікоў праваахоўных органаў, сыстэмы сацыяльнай абароны і аховы здароўя, псыхолягаў і настаўнікаў, як працаваць з ахвярамі хатняга гвалту, прадухіляць яго цяжкія наступствы. 20 гадоў дапамагае абараняць правы ўразьлівых сацыяльных груп, у тым ліку жанчын і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.
Скончыла Пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка. Псыхоляг па адукацыі. У траўні-чэрвені 2020 году ў Менску рыхтавала адкрыцьцё кавярні-клюбу «Норм», сацыяльна-культурнай прасторы з вэганскай кухняй і барам, дзе меліся працаваць дзяўчаты і жанчыны, што пацярпелі ад гендэрнага (у тым ліку хатняга) гвалту. Праз пандэмію праект было вырашана закрыць.
У лістападзе 2021 году Вольгу Гарбунову арыштавалі ў Менску за нібыта ўдзел у арганізацыі маршаў за правы жанчын у 2020 годзе. Улады ўключылі яе ў сьпіс «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў». Пасьля вынясеньня прысуду — 3 гады «хатняй хіміі» — Вольга Гарбунова ўцякла зь Беларусі. Вольга не хавае прыналежнасьці да ЛГБТ. Яна ляўрэатка міжнароднай праваабарончай прэміі Front Line Defenders «Праваабаронцы ў небясьпецы» за 2022 год. Гарбунова — адна з гераінь міжнароднага дакумэнтальнага фільму «Woman», дзе сабраныя аповеды дзьвюх тысяч жанчын з 50 краін сьвету.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум